Калектыў Капыльскага філіяла ДП «Мінаблпаліва» невялікі: 23 чалавекі працуюць на Капыльшчыне і 14 — на Уздзенскім участку, які з нядаўняга часу ўваходзіць у склад філіяла.
Вядома ж, і кіраўніку, і яго падначаленым было цікава, як жа ацанілі іх работу жыхары нашага раёна падчас вывучэння грамадскай думкі. Як аказалася, даволі высока: паслугамі прадпрыемства засталіся задаволенымі ўсе апытаныя гараджане і 92% рэспандэнтаў, якія жывуць у сельскіх населеных пунктах. Тым не менш, былі выказаны і пэўныя заўвагі. Пра гэта мы гаварылі з дырэктарам філіяла ДП «Мінскаблпаліва» Сяргеем БЕЛЯКОМ.
— Сяргей Барысавіч, згадзіцеся, што сёння людзі хочуць мець за свае грошы толькі добры прадукт. Гэта паказала і апытанне, якое выявіла, што ёсць незадаволеныя, напрыклад, якасцю торфабрыкетаў.
— Сапраўды, 11 гараджан (11,3% ад апытаных) і 19 вяскоўцаў (11,6%) адзначылі, што ў торфабрыкеце бывае шмат крошкі. Я згаджуся з гэтым меркаваннем, але адзначу, што гэты від паліва паступае ў раён з чатырох торфабрыкетных заводаў і ў асноўным іх транспартам (гэта танней!). Таму ў тым, што брыкет не той якасці, што хацелася б, віна завода-пастаўшчыка. Мы ў сваю чаргу імкнёмся паўплываць на сітуацыю. Дабіліся, каб на старобінскім заводзе ўстанавілі сіты, праз якія дадаткова прасейваецца торфабрыкет з бункераў. Па такім жа шляху пайшоў і торфабрыкетны завод «Нёман» са Стаўбцоўскага раёна. З гэтых прадпрыемстваў паступае прадукцыя толькі высокай якасці. Трымаем на кантролі і сітуацыю з іншымі заводамі.
— Былі скаргі і на тое, што спажыўцы атрымліваюць дровы не той пароды дрэў, што хацелі. Як вы працуеце з такімі запытамі?
— Вядома ж, усім бы хацелася паліць печ бярозавымі альбо грабавымі дровамі: менавіта яны маюць самую высокую цеплааддачу. Аднак мы не заўсёды можам выбіраць. Напрыклад, Капыльскі вопытны лясгас (наш асноўны пастаўшчык) працуе з намі па рэшткавым прынцыпе: пастаўляе дровы не самай лепшай якасці і ў асноўным яловыя. Таму мы вырашылі звяртацца ў іншыя лясгасы. Плённа працуем са Слуцкім, Вілейскім, Мінскім, Негарэльскім лясгасамі, былі нават пастаўкі з Быхаўскага лясгаса, што ў Магілёўскай вобласці. Словам, стараемся забяспечыць нашых спажыўцоў якасным палівам.
— Некалькі чалавек засталіся незадаволенымі і тэрмінамі выканання заказаў. Як Вы пракаменціруеце гэтую сітуацыю?
— Калі быць шчырымі, то самі кліенты часта вінаваты ў тым, што выкананне іх заказу зацягваецца. Чамусьці стала дрэннай звычкай успамінаць пра тое, што трэба запасацца на зіму палівам, толькі ў канцы лета, а то і напачатку восені. У першай палове года заказаў вельмі мала. Вось і збіраюцца чэргі. Згодна з нашымі правіламі заказ кліента павінен быць выкананы на працягу месяца, і мы стараемся ад гэтага не адступаць.
Думаю, што сітуацыю палепшыць і набыццё новага трактарнага самазвальнага прычэпа ПТС-6,5, дзякуючы чаму можна дастаўляць паліва адразу тром спажыўцам. У выключных выпадках ідзём насустрач ветэранам, інвалідам, шматдзетным сем’ям: дазваляем ім афармляць самавываз, хоць гэта для нас і затратна. Але ж да кожнага спажыўца трэба мець індывідуальны падыход.
Дарэчы, за першае паўгоддзе бягучага года мы ўжо рэалізавалі 1991 тону паліва, у тым ліку 1397 тон — насельніцтву. Працуем і з арганізацыямі: выйгралі тэндар на пастаўку паліва Капыльскай ЦРБ, установам культуры і інш.
— Якім чынам людзі могуць аплаціць вашы паслугі?
— Мы ідзём у нагу з часам, а таму прымаем плату не толькі ў нашай касе, але і праз ЕРІП. Так што тут складанасцей не ўзнікае.
Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии