Прафілактычную акцыю пад назвай «Барацьба з артэрыяльнай гіпертэнзіяй падчас уборачнай кампаніі» правялі супрацоўнікі Старыцкай участковай бальніцы.
Падчас яе медыкі выязджалі на палеткі сельгаспрадпрыемстваў, што знаходзяцца ў зоне абслугоўвання медыцынскай установы, гутарылі з камбайнёрамі, вадзіцелямі, іншымі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі аб неабходнасці трымаць свой артэрыяльны ціск на кантролі, вымяралі яго ва ўсіх жадаючых, а таксама тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі.
[caption id="attachment_59330" align="aligncenter" width="560"]

Памочнік урача Ірына Крукоўская мерае ціск у камбайнёра Анатоля Шнітко[/caption]
Сярод добраахвотнікаў апынуўся і старшы камбайнёр Аляксандр Рубіс, які ў гэтым сезоне працуе разам са сваім сынам Іллёй. Паводле слоў Аляксандра Генадзьевіча ў ААТ «Старыца-Агра» вельмі добра наладжаны кантроль за станам здароўя работнікаў. Кожную раніцу праводзіцца дарэйсавы кантроль механізатараў, вадзіцеляў, правяраюць іх стан і напрыканцы працоўнага дня. На пытанне, ці адчуваецца спякота падчас працы на збожжавай ніве, усміхнуўся: «Зусім не адчуваецца. У мяне ж сучасны камбайн з кандыцыянерам. Кожны дзень прывозяць на поле мінеральную ваду. Словам, толькі працуй і як мага лепш выконвай сваю задачу».
Як расказала ўрач агульнай практыкі (загадчык) Старыцкай участковай бальніцы Вераніка Тароцька, менавіта гарачае надвор’е адмоўна ўплывае на стан здароўя чалавека, паколькі павышаюцца нагрузкі на сардэчна-сасудзістую сістэму. Асабліва пакутуюць ад спякоты людзі пажылога ўзросту і больш маладыя: хто мае праблемы з артэрыяльным ціскам.
— Для папярэджвання развіцця гіпертанічных крызаў, а таксама ―як вынік іх — вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту мы кантралюем ціск у сваіх пацыентаў, назначаем лячэнне, пры неабходнасці — яго карэкціруем, — адзначае Вераніка Георгіеўна. — Такім чынам стараемся знізіць рызыку развіцця ўскладненняў і як наступства — смяротных зыходаў. Важным з’яўляецца і праходжанне дыспансернага агляду: у нас складзены адпаведны графік. Я ўпэўнена, што кожны чалавек у першую чаргу сам павінен клапаціцца пра сваё здароўе.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии