Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Быць здаровым — модна

02.02.2011
[caption id="attachment_6645" align="aligncenter" width="580" caption="Рапарт прымае старшыня райвыканкама А. Жданеня"][/caption] Штогод  на Капыльшчыне праводзяцца дзясяткі розных акцый, спартыўных спаборніцтваў, мэта якіх — папулярызацыя і развіццё фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, прапаганда здаровага ладу жыцця. Вось і ў мінулую суботу аддзел фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама запрасіў на зімовую спартакіяду прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Капыля. Калі для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу такія спаборніцтвы сталі традыцыйнымі, то для гарадскіх структур усё адбывалася ўпершыню. 26 каманд прыбылі на фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Спаборніцтвы праходзілі ў добразычлівай і сяброўскай атмасферы. Каманды спаборнічалі ў такіх жа самых дысцыплінах, як і сельскія аматары здаровага ладу жыцця: лыжных гонках, плаванні, дартсе. Апошнім відам, які ўваходзіў у агульнакамандны залік, была камбінаваная эстафета. [caption id="attachment_6460" align="aligncenter" width="443" caption="Каманда-пераможца Цэнтра банкаўскіх паслуг №609 у г. Капылі філіяла №620 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Нясвіжы"][/caption] Лепшымі плаўчыхамі ў асабістым заліку сталі Ірына Міхайлоўская (ЖКГ), Ганна Скуба (ЦРБ) і Людміла Хаміцэвіч (РАА), якія на п’едэстале гонару размясціліся, адпаведна, на першым, другім і трэцім месцах. У мужчын пратакол выглядаў наступным чынам: I – Уладзімір Кандраценя (лясгас), II – Дзмітрый Фядотаў (ЖКГ), III – Віталь Стрэлкін (аддзел адукацыі). У выніковай табліцы дуэт жыллёва-камунальнай гаспадаркі стаў першым у плаванні. Другое месца дасталося аддзелу адукацыі, а трэцяе – аддзелу дэпартамента “Ахова”. Хуткасці не інакш як на самых прэстыжных спаборніцтвах паказвалі ў гонках некаторыя лыжнікі. Так, пераможца Таццяна Маліноўская з аддзела дэпартамента “Ахова” пераадолела кіламетровую дыстанцыю за 2.41. Хуткія секунды паказала і ўладальніца другога месца Вікторыя Рудая (3.03). Хвіліну лідару саступіла Наталля Філазафовіч з Беларусбанка, якая стала трэцяй. Удвая большую дыстанцыю за 3.51 праляцеў Яўген Карзей з аддзела дэпартамента “Ахова”. 16 секунд аддзялілі Дзмітрыя Гурбана з аддзела па надзвычайных сітуацыях ад верхняй прыступкі п’едэстала гонару. Ён – на другім месцы. Трэці час паказаў Сяргей Місючэнка з ЖКГ (5.24). Лідарамі каманднага заліку сталі супрацоўнікі дэпартамента “Ахова”. Другое месца – у камунальнікаў, трэцяе – у работнікаў беларусбанка. [caption id="attachment_6461" align="aligncenter" width="443" caption="В. Бенеш, С. Лазоўскі, С. Захарык прымаюць віншаванні"][/caption] Цвёрдасць рукі дэманстравалі ўдзельнікі дартсу. Мацнейшай сярод жанчын стала Ірына Літвінка з Капыльскага СПЛ. Другую прыступку п’едэстала гонару заняла Наталля Гарбацэвіч, якая прадстаўляла райвыканкам. Трэцяе месца выявілася толькі пасля паўторнай спробы, дзе вытрымку праявіла Ірына Шаўчук з Беларусбанка. У мужчын лёс першага месца таксама вызначаўся пасля паўторнага заходу на “агнявую” пазіцыю. Тут фартуна была на баку аўтара гэтых радкоў, які дзякуючы гарачай падтрымцы калег-журналістаў проста не мог не апраўдаць іх спадзяванняў. Другое месца засталося за Віталем Бенешам з Беларусбанка, а трэцяе – за Станіславам Захарыкам з аддзела дэпартамента “Ахова”. Камандны залік у гэтым відзе праграмы выглядаў наступным чынам: I месца – у СПЛ, II – у Беларусбанка, III – у Капыльскага РБУ. Выніковыя месцы ў пратаколе павінна была вырашыць камбінаваная эстафета. Каманда дэпартамента “Ахова” ў складзе Уладзіміра Анішчанкі, Таццяны Маліноўскай, Яўгена Карзея, Аляксандра Катушонка і Кацярыны Лазарэвіч бездакорна выступіла на ўсіх этапах вясёлага, дзесьці забаўляльнага і відовішчнага выпрабавання. Яны прынеслі сваёй дружыне яшчэ адно першае месца. Усяго чатыры секунды прайгралі пераможцам камунальнікі, якія сталі тут другімі. Трэцюю прыступку п’едэстала гонару занялі супрацоўнікі Беларусбанка. [caption id="attachment_6462" align="aligncenter" width="443" caption="Старт у лыжнай гонцы ўзяў Д. Гурбан"][/caption] Праграму спаборніцтваў завяршаў сілавы від – гіравы спорт. У спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу сабраліся ўсе ўдзельнікі зімовага першынства, каб падтрымаць сваіх асілкаў. У вазе звыш 80 кг абсалютным пераможцам стаў Аляксандр Руды з ЖКГ, які адной рукой выканаў 52 пад’ёмы. Другое месца заняў Віталь Чаркоўскі з раённых электрасетак (37), а трэцяе – Канстанцін Ткачук з вузла паштовай сувязі (33). Андрэй Давідовіч, які прадстаўляў ЦРБ, святкаваў перамогу ў вазе да 80 кг (47). Прадстаўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Дзямчук паказаў другі вынік (41). Трэцім у гэтай вазе стаў дырэктар РБУ Віталь Ластачкін (32). Тым часам судзейская калегія падвяла вынікі зімовай спартакіяды  арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Першымі чэмпіёнамі спаборніцтваў стала каманда Беларусбанка. Другое месца – у аддзела дэпартамента “Ахова”, трэцяе – у работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Усе ўдзельнікі без выключэння атрымалі зарад станоўчых эмоцый і жыццёвай энергіі, бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як спорт. Былі нават прапановы праводзіць падобныя спаборніцтвы часцей. Як кажуць, пажывём – пабачым! Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота  Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і  Маргарыты САКОВІЧ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей