Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч свой чарговы прыём правяла ў Капыльскім сельвыканкаме. Атрымаўся ён даволі насычаным.
Шэраг праблем узняў жыхар в. Калодзезнае Віктар Дашкевіч
(на здымку). Віктар Віктаравіч вельмі перажывае за стан крынічкі ля сажалкі ў в. Багушы. Гэта пытанне ён неаднойчы ўздымаў на розных узроўнях. Як стала вядома Людміле Ніжэвіч ад спецыялістаў, у мэтах недапушчэння падтаплення крыніцы водамі ракі Чайкі ў снежні 2016 года Капыльскім ПМС там была праведзена замена бетоннага кольца і падвезены камяні для падсыпкі прылеглай тэрыторыі. Зона адпачынку ў Багушах згодна з рашэннем райвыканкама замацавана за ААТ «ПМК-11 г. Капыль», і ў бліжэйшы час працаўнікі прадпрыемства, супрацоўнікі Цімкавіцкага сельвыканкама з удзелам моладзі правядуць на ёй суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Па пытанні стану вуліцы ад скрыжавання да могілак у в. Калодзезнае заяўніку паведамілі, што дарога знаходзіцца ў здавальняючым стане, філіялам КУП «Мінскаблдарбуд» ― «ДРБУ-124» ― своечасова выконваюцца работы па прафіляванні і па меры неабходнасці яны будуць праводзіцца і надалей.
Наконт звароту па добраўпарадкаванні могілак у в. Калодзезнае адзначана, што згодна з «Правіламі ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання» асобы, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання, устаноўкі надмагільнага збудавання, павінны самастойна за кошт сваіх сродкаў даглядаць гэтыя месцы. Аднак у бліжэйшы час прадстаўнікі Цімкавіцкай СШ акажуць дапамогу па навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках у вышэй названым населеным пункце. А Цімкавіцкім сельсаветам своечасова праводзяцца работы па вывазе смецця і падвозе пяску.
Капылянка Наталля Зянько цікавілася, пры якіх умовах можа атрымаць жыллё яе брат — воін-інтэрнацыяналіст. Заяўніцы дадзены канкрэтныя тлумачэнні па заканадаўстве, і фінансаваму аддзелу райвыканкама даручана зрабіць пэўныя разлікі.
Жыхаркі в. Лугавая Галіна Ярашэвіч і Лілія Ашарчук выказалі занепакоенасць тым, што яны і іх аднавяскоўцы быццам «адрэзаны ад свету». Дабрацца з іх населенага пункта ў Мінск вельмі праблематычна. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца пасажыраперавозкамі, адмаўляюцца заязджаць у іх вёску, аргументуючы гэта дрэнным станам дарогі. Пытанне будзе дэталёва вывучацца, плануецца правесці сустрэчу з «маршрутчыкамі» па выкананні заявак вяскоўцаў.
Валянціна Сакалоўская з Капыля звярнулася да дэпутата парламента з просьбай дапамагчы працаўладкавацца сыну, а яго сям’і пераехаць на іншае месца жыхарства. Людміла Ніжэвіч паабяцала разгледзець дадзенае пытанне.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии