Падчас чарговага выязнога пасяджэння райвыканкама вывучаўся адзін з найбольшых сельсаветаў раёна — Цімкавіцкі.
Удзельнікі пасяджэння — старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, члены райвыканкама, кіраўнікі аддзелаў, сельвыканкамаў, арганізацый, прадпрыемстваў — знаёміліся з ходам добраўпарадкавання населеных пунктаў і развіццём інфраструктуры на тэрыторыі сельсавета.
[caption id="attachment_59067" align="aligncenter" width="560"]
Падчас наведвання магазіна ў в. В. Раёўка[/caption]
Відавочна, што тут праводзіцца значная работа па захаванні старых сядзіб. Пустуючыя землі потым уводзяцца ў севазварот, а некаторыя закінутыя дамы аднаўляюцца і набываюць сучасны выгляд. Такое можна было назіраць у філіяле «Вялікая Раёўка». Увогуле, кіраўнік гэтага сельгаспрадпрыемства Іван Дамашэвіч па-гаспадарску адносіцца да кожнага кавалачка зямлі, знаходзячы яму прымяненне. Рэкамендавана ўсім кіраўнікам узяць на ўзбраенне і афармленне тэрыторыі ля адміністрацыйнага будынка сельгаспрадпрыемства.
[caption id="attachment_59062" align="aligncenter" width="560"]
Перад уваходам у адміністрацыйны будынак ф-ла "В.Раёўка"[/caption]
Падчас наведвання вёскі Савічы, для ачысткі якой былі прыцягнуты сілы многіх прадпрыемстваў і арганізацый Капыльшчыны, усім, хто прымаў удзел у гэтых работах, выказана ўдзячнасць ад кіраўніцтва раёна. Гэта вёска стала прыкладам таго, што талакой можна зрабіць многае. За непрацяглы час яна набыла новы выгляд. Замест зараснікаў з’явіліся плошчы, якія будуць прыносіць карысць.
Са станоўчага боку адзначана работа магазінаў у Вялікай Раёўцы і Цімкавічах. У іх прадстаўлены даволі багаты асартымент тавараў. Словам, вяскоўцы гэтак жа, як і гараджане, могуць у гандлёвых кропках набыць усё неабходнае. Толькі была выказана заўвага наконт замены старога асфальту ля магазіна ў аграгарадку.
Пра дзейнасць Цімкавіцкага СДК удзельнікі пасяджэння даведаліся падчас наведвання ўстановы культуры, а гісторыю сваёй школы расказалі вучні Цімкавіцкай адзінаццацігодкі.
[caption id="attachment_59068" align="aligncenter" width="560"]
Цімкавіцкая СШ[/caption]
У аўтапарку № 21 прысутныя пазнаёміліся з базай прадпрыемства і яго дзейнасцю. Яго кіраўніцтву дадзена даручэнне наконт набыцця новых транспартных сродкаў, а таксама па добраўпарадкаванні старажытнага парку, які знаходзіцца побач.
Акрамя гэтага, былі наведаны буракапрыёмны пункт Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, хлебапрыёмны пункт, гандлёвая база райспажыўтаварыства і філіял ДП «Мінаблпаліва».
— Парадак павінен быць узроўнем нашага жыцця, — падводзячы вынікі нарады, адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. — Мы яго павінны падтрымліваць пастаянна. Сёння мы ўбачылі, што гэту работу трэба выконваць сумесна.
Таксама Ірына Мікалаеўна нагадала, што набліжаецца Дзень горада і да яго неабходна вычысціць тэрыторыі каля адміністрацыйных будынкаў і замацаваныя за кожнай арганізацыяй. Работы трэба пачынаць ужо зараз, каб свята адзначыць годна.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара і Марыі ШЭІНАЙ
Комментарии