У поўнай меры гэта адносіцца да настаўніцы пачатковых класаў гімназіі № 1 г. Капыля Галіны Уладзіміраўны Сікорскай.
Яшчэ ў юнацтве дзяўчынка з вёскі Саўкова Капыльскага раёна любіла гуляць з малымі дзецьмі. Нават была ў яе мара – абавязкова стаць выхавацелем дзіцячага сада. Ужо пасля заканчэння Ленін- скай сярэдняй школы (Слуцкі раён) сваёй мары не змяніла. У выбары будучай прафесіі зрабіла толькі невялікую папраўку – стала студэнткай Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў”. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы ў 1977-м яна вяртаецца ў родны Капыль. Але трапіць у школу не давялося. На працягу дзевяці гадоў працавала Галіна Уладзіміраўна спачатку метадыстам, а затым – інспектарам раённага аддзела адукацыі па пачатковых класах і ахове дзяцінства. Толькі ў 1986 годзе лёс прывёў яе ў сцены сярэдняй школы №1 г. Капыля (цяпер – гімназія №1), дзе і працуе ўжо чвэрць стагоддзя. За гэты час Галіна Уладзіміраўна праявіла сябе як творчы, неардынарны і таленавіты педагог, які пастаянна знаходзіцца ў пошуку перадавых прыёмаў і метадаў навучання. Таму ўрок у педагога часта ператвараецца ў вандроўку, казку, карусель ці атракцыён. Гульнёвыя формы навучання спрыяюць развіццю творчых задаткаў і здольнасцей кожнага вучня. Прафесіянальны педагог і тонкі псіхолаг, яна заўсёды знаходзіць падыход, агульную мову з дзецьмі і, што немалаважна, іх бацькамі. Знешняя памяркоўнасць, разважлівасць, але адначасова няўлоўная строгасць і абсалютная справядлівасць першай настаўніцы дазваляюць на “выдатна” рэалізоўваць асноўную задачу – сеяць разумнае, добрае, вечнае. Магчыма, гэтыя рысы яе характару, а таксама абаяльнасць цэняць былыя вучні, якія ніколі не забываюць пра сваю Галіну Уладзіміраўну.
Майстэрства настаўніцы пачатковых класаў выйшэшай кваліфікацыйнай катэгорыі на працягу некалькіх гадоў дапамагала ў кіраванні раённым метадычным аб’яднаннем, было школай перадавога вопыту.
Як сапраўдная жанчына, Галіна Уладзіміраўна яшчэ - любячая матуля і жонка. Разам з мужам Анатолем Мікалаевічам Сікорскім, вядомым настаўнікам геаграфіі, выгадавалі дваіх дачок. Вольга і Алена пайшлі па слядах бацькоў – таксама сталі настаўнікамі. Спакой, лад і згода, усебаковая пад- трымка і глыбокая павага ў сям’і – ці не пра такое шчасце марыць кожная жанчына. Нядаўна, 25 студзеня, менавіта ад сваіх блізкіх прымала Галіна Уладзіміраўна сардэчныя і самыя дарагія сэрцу віншаванні з юбілеем. І, бясспрэчна, цёплыя словы ў яе адрас гучалі ад калег, вучняў і іх удзячных бацькоў, якія любяць, паважаюць і шануюць таленавітага настаўніка, майстра, наватара.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: Галіна Сікорская са сваімі выхаванцамі з 1 “А” класа.
Фота аўтара
Комментарии