«…Нам трэба развіваць вёскі, малыя гарады і раённыя цэнтры. Там гэта жыццё. І гэта жыццё страціць мы не можам. Гэта наша агульная задача, і мая перш за ўсё».
(З выступлення Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, дзе ён наведаў гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна).

Адраджаць малую радзіму — гэта вельмі шчыры і справядлівы заклік кіраўніка нашай краіны. Прыемна назіраць, як у апошні час змяняецца да лепшага і наш Капыль. Яго жыхары і госці райцэнтра не засталіся ўбаку і падзяліліся сваімі ўражаннямі:
Уладзімір Сабалеўскі, жыхар г. Баранавічы:

— У Капылі я нарадзіўся і вырас, скончыў школу. Аднак ужо пэўны час жыву ў Баранавічах. І ўсё ж даволі часта прыязджаю да бацькоў. Кожны раз адзначаю, што ў горадзе пастаянна нешта робіцца ў плане добраўпарадкавання. Ды і наогул на вуліцах чыста, зіхацяць кветкі. Прыемна і сяброў сюды прывезці: у зоне адпачынку прыгожа і светла, новы выгляд мае і крынічка. Дарэчы, яе вада вельмі падабаецца ўсім, хто яе паспрабаваў. Са свайго боку магу адзначыць, што разам з бацькамі мы робім усё для таго, каб на нашай вуліцы, каля хаты, было таксама чыста і прыгожа.
Анна Іосіфаўна Арлоўская, ураджэнка Капыля, ветэран працы:

— Так, я вельмі радуюся, калі тыдзень або два адсутнічаю дома, а потым вяртаюся ў свой любы Капыль і бачу, як капыляне стараюцца, нягледзячы на капрызы надвор’я, навесці парадак усюды: на сваіх падвор’ях, на вуліцах горада. Таму Капыль прыгажэе з кожным днём. Шматлікае разнаквецце ўпрыгожвае цэнтр горада. А як палепшала каля рэчкі Каменкі! Здаецца, вадзіца ў ей стала бурліць намнога шпарчэй у знак удзячнасці тым, хто яе упрыгожыў. Цікавая навізна з’явілася ў скверыку насупраць памяшкання загса: дзівосная калясніца, якую супрацоўнікі гэтага аддзела, напэўна, узбагацяць цікавым шлюбным рытуалам.
Я згодна з тым, што кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кожнага з нас, просіць прыняць удзел у добраўпарадкаванні. Гэта адносіцца і да тых, хто не пражывае цяпер у родным горадзе або вёсачцы, але памятае аб сваёй любай радзіме.
Віялета Туравец, вучаніца 11 «Б» класа СШ № 2 г. Капыля:

— Мне, як прадстаўніку маладога пакалення, вельмі прыемна адзначыць, што Капыль змяняе выгляд, становіцца больш прыгожым. Зараз стала зручна наведваць зону адпачынку нават у вячэрні час: замест цемры — цёплае святло ліхтароў. Паглядзіце, колькі фотаздымкаў з’явілася ў сацыяльных сетках! І ў новай карэце, і каля раяля, і на ажурнай лавачцы ў цэнтры. І з асаблівым гонарам хачу дадаць: калі да мяне прыязджалі сваякі з Мінска, яны адзначылі, што гарадок наш змяніўся, стаў больш ўтульным і мае свой цудоўны твар.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии