Сёлета мы святкуем 135-годдзе з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Янкі Купалы. І гэта цудоўная нагода яшчэ раз узгадаць пра славутага паэта і асабліва пра тое, што звязвала яго і нашу родную Капыльшчыну.
Купала даволі часта прыязджаў у Капыль. Адзін з такіх візітаў, які адбыўся 18 ліпеня 1932 года, быў прысвечаны пастанове ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый». У зале Дома сацыялістычнай культуры (будынак сучаснага ЗАГСа), дзе праходзіла літаратурная вечарына, сабралася шмат народу, усе з вялікай увагай слухалі беларускага песняра.
[caption id="attachment_58639" align="aligncenter" width="580"]

Пасюкевіч У.М. «Я. Купала і Ц. Гартны ў Капылі», 1930 год.[/caption]
Ды і ўвогуле ў 30-я гады мінулага стагоддзя Янка Купала не раз наведваў Капыль, прыязджаў пагасцяваць у шчырых сяброў па пяру — Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, Чарнушэвічаў, актыўнай дзеячкі беларускай нацыянальнай культуры Алесі Александровіч.
У адзін з такіх прыездаў летам 1933 года Янка Купала кароткі час адпачываў у Капылі. Жыў ён па Пралетарскай вуліцы, у доме Марозаў, іх яшчэ па-капыльску называлі Балошкі. У гэтых Балошкаў у той час гасцявала іх нявестка Алеся Александровіч з дзецьмі, якую Янка Купала вельмі паважаў і высока цаніў. Дарэчы, у гэты ж час у Капылі жыў Цішка Гартны, а ў Цімкавічах — Кузьма Чорны. Праз некалькі дзён прыехаў Мікола Хведаровіч, які пазней так апісваў сустрэчу: «Янка Купала абрадаваўся майму прыезду… Дні тады выдаліся пагодлівыя. Мы штодня хадзілі на Каменшчыну ў стары сасновы лес, які раскінуўся на пагорыстых схілах невялікай рачулкі… Трымаючыся адзін за аднаго, мы спускаліся з падцаркоўнай гары і, пераскочыўшы гаманлівы ручай, ішлі лугам, усыпаным духмянымі кветкамі. У векавым сасновым бары выбіралі цяністую прахалоду і давалі адпачынак натруджаным нагам. Іван Дамінікавіч знімаў туфлі і лажыўся на мурожны лясны дыван. «Райскі закутак» — так назваў ён гэты бор.
Янка Купала прыехаў у Капыль з новымі творчымі планамі. Ён толькі што вярнуўся з камандзіроўкі… Я ведаў, што Купала пачаў пісаць паэму, хоць ён ніколі пра гэта не гаварыў. Але хіба ж утрымаецца паэт, каб не падзяліцца новымі радкамі свайго твора?
…Разам з намі бываў Цішка Гартны. Ён не даваў доўга ляжаць на адным месцы і ўсё вадзіў у тыя мясціны, дзе некалі адбываліся падпольныя сходкі сацыял-дэмакратаў, паказваў Замкавую гару, расказваў пра ўладара тутэйшых ваколіц, які насыпаў і адбудаваў замчышча.
Нярэдка, узяўшы сетку-таптуху, мы ішлі на рыбалку. Нашы паходы ў рыбу і ў грыбы заўсёды суправаджаў мой меншы брат Саша.
— Шашачка, — казаў Іван Дамінікавіч, — вы добра ведаеце сваю рэчку, дык вы раздзявайцеся і разам з Міколам будзеце лавіць, а я ваша адзенне панашу…
Так яно заўсёды і было. Праўда, лавілася дробная рыбка, але аднаго разу папаўся ў сетку добры шчупак. Як быў рады Янка Купала!
— Трымайце, Шашачка, гэтага прайдзісвета. Бярыце самі, не давайце Міколу, ён выпусціць,— усхвалявана крычаў ён з берага.
I Саша так прывык да Янкі Купалы, што нават вечарамі пачаў забягаць да Балошкаў, каб пагутарыць з ім.
У сувязі з прыездам Янкі Купалы ў Капыль райкам партыі наладзіў агульнагарадскі літаратурны вечар. Усхваляваныя капыляне сустрэлі паэта вельмі ўрачыста і ветліва. Дом культуры не мог змясціць усіх жадаючых. Янка Купала чытаў паэму «Магіла льва», а потым строфы з паэмы «Над ракой Арэсай»».
У 1982 годзе на будынку былога Дома сацыялістычнай культуры, дзе і праходзілі сустрэчы паэта з капылянамі (на той час — кінатэатра «Мір») з’явілася мемарыяльная дошка. Але пазней яе знялі. Тры гады таму мемарыяльная дошка ў гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы зноў заняла сваё месца на будынку Капыльскага ЗАГСа.
Леў Клейнбарт – першы біёграф паэта
Некія нябачныя пуцявіны звязвалі класіка беларускай літаратуры з Капыльшчынай. Дарэчы, першы біёграф Янкі Купалы і адзін з першых даследчыкаў яго творчасці быў таксама наш зямляк — Леў Клейнбарт. Ён зрабіў неацэнны ўнёсак у навуковае вывучэнне біяграфіі Купалы, распачатае перапіскай з паэтам.
[caption id="attachment_58640" align="aligncenter" width="580"]

Леў Клейнбарт першы справа ў верхнім радзе[/caption]
З Купалам Клейнбарт пазнаёміўся ў Пецярбургу вясною 1910 года праз Цішку Гартнага. Ён сустракаўся і перапісваўся з Купалам на працягу многіх гадоў.
Ліст Янкі Купалы да Клейнбарта 1910 года стаў першай вядомай аўтабіяграфіяй паэта. У 1913 годзе Купала дасылае Клейнбарту свае вершы. «Высылаю в ваше распоряжение свои книжечки, — піша ён. — Буду очень вам благодарен, если дадите мне возможность ближе познакомиться с русским литературным миром, который меня постоянно интересовал, но который доселе мне совершенно незнаком». Пазней у кнізе «Беларусь маладая» Клейнбарт напіша: «Товарищ моей юности Александр Порфирьевич Еремич — директор Елисеевской больницы в Лесном — сказал мне, что у него имеется на руках свободная наличность, которую он предназначает для издания какого-нибудь поэта из народа. У меня же лежали на столе в это время «Радуница» Есенина, присланная мне им в рукописи, и стихи Янки Купалы, с чем я и пошел к Еремичу на встречу. Белорус по происхождению, он предпочел Купалу… Так и появилась «Шляхам жыцця».
Дарэчы, Клейнбарт адным з першых убачыў у асобе Купалы цэнтральную фігуру беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Ён вызначаў творчы метад Купалы як рамантычны рэалізм, які зусім не ўпускаў з поля зроку рэчаіснасці. Леў Клейнбарт лічыў Купалу глыбока народным і арганічна нацыянальным паэтам.
Таксама Леў Максімавіч стаў аўтарам першага манаграфічнага раздзела пра Купалу ў кнізе «Маладая Беларусь», прадмовы да «Зборніка вершаў» Купалы на рускай мове. Ён — і аўтар першай манаграфіі пра Янку Купалу «Янка Купала. Вопыт характарыстыкі літаратурнай і біяграфічнай».
З ліста Купалы да Л. Клейнбарта: «Первое стихотворение на белорусском языке я написал, если можно так выразиться, случайно. Ехал я в Минск. Передо мною ехали известные мне барышни высшего от меня класса. Вдруг они выпали из повозки довольно в пикантных позах. Вот этот эпизод и толкнул меня написать юмористическое стихо-творение… С этого времени я и начал писать.»
Мы адзначаем
Не засталіся ў баку ад святкавання адметнай даты ўстановы культуры Капыльшчыны.
Яшчэ ў маі ў Песачанскай сельскай бібліятэцы пачала працаваць кніжная выстава «Паэты на ўсе часы», прысвечаная 135-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. А супрацоўнікі Капыльскай дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі літстайл «Паэзія дзецям і пра дзяцей». У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А. Астрэйкі днямі адбылася літаратурная вандроўка «Песняры зямлі беларускай», прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа. У лістападзе запланаваны літаратурная слайд-вандроўка «Знакавыя постаці Беларусі» і кніжна-ілюстраваная выстава «Песняры зямлі беларускай». Дзень казак Я. Купалы і Я. Коласа «А пачнём мы казку так» стаў добрай нагодай сабрацца разам чытачам Лясноўскай сельскай бібліятэкі. Майстэрства выразна чытаць вершы змаглі прадэманстраваць наведвальнікі Новадоктаравіцкай сельскай бібліятэкі падчас правядзення конкурсу «Нас слова Купалы да творчасці кліча». Літаратурнае падарожжа «Сучаснік назаўсёды — Купала» здзейснілі наведвальнікі Дзяржынскай бібліятэкі-клуба. Бліжэй пазнаёміцца з творчасцю паэта змогуць чытачы Быстрыцкай сельскай бібліятэкі падчас правядзення Тыдня Купалаўскай кнігі. У Вялікараёўскай бібліятэцы-клубе аматараў творчасці Купалы збярэ кніжная выстава: «Майстэрства паэтаў: лёс светлы, лёс высакародны», а даведацца пра асаблівасці творчасці можна падчас правядзення інфармацыйнай гадзіны «Сярод сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай…».
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии