Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

У Цімкавіцкім сельсавеце пачаўся конкурс мастацкай самадзейнасці

31.01.2011
Стала ўжо добрай традыцыяй правядзенне конкурсаў мастацкай самадзейнасці сярод калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія размешчаны на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета. У гэтым годзе самадзейныя артысты ўжо чацвёрты раз выйдуць  на сцэну мясцовага сельскага Дома культуры, каб яшчэ раз засведчыць талент і майстэрства простых людзей – працаўнікоў сваіх калектываў. У мінулым годзе конкурс адбываўся ў рамках 65-годдзя Перамогі і праходзіў ён з лютага па красавік, заключны канцэрт быў дадзены 9 Мая. Больш за сотню людзей выйшла на сцэну, якія раскрылі свае таленты і прадставілі творчы матэрыял для  далейшай работы па развіцці культурна-выхаваўчай работы. Сярод іх – танцоры і гумарысты, тэатральныя артысты і дэкламатары, прадстаўнікі сольнага і вакальнага майстэрства. Узрост артыстаў быў таксама самы разнастайны: ад дашкольнага да пенсійнага. Выступленне ўсіх самадзейных калектываў  пакінула самыя цёплыя ўспаміны і ўражанні ў сэрцах удзячных гледачоў. Зводныя канцэрты ўдзельнікаў самадзейнасці былі дадзены 3 ліпеня падчас правядзення свята вёскі Чарнагубава і ў вёсцы Варонаўшчына ў Дзень пажылых людзей. Традыцыйна ў гэтым годзе правядзенне конкурсаў самадзейнасці пачнецца з канца студзеня па май. Як і ў мінулы раз, плануецца выступленне 8 калектываў, якім на гэты раз дадзена права выбіраць тэматыку самастойна: ад народных святаў і абрадаў да тэматычных праграм, прысвечаных чырвоным датам календара. Адкрыў конкурс калектыў мастацкай самадзейнасці ААТ “Капыльскае” з праграмай, прысвечанай святу Вадохрышча (на здымку). Увазе гледачоў быў прадстаўлены святочны вечар “У гасцях у бабулі Алены”. Да галоўных герояў – гаспадара (Анатоль Крыга), гаспадыні (Жанна Дарашэвіч) і іх дачкі (Анжэла Віцебская) – у звычайную сялянскую хату завіталі дарагія госці, каб павіншаваць адзін аднаго са святам. Як прыгожа і арыгінальна выконвалі ўдзельнікі мерапрыемства падрыхтаваныя загадзя народныя песні, танцы. І калі ты хоць на адну хвіліну пранікаўся той вясёлай гісторыяй, якая адбывалася на сцэне, то міжволі ўзгадваў, як нашы продкі адзначалі калядныя вечары. Чаканні гледачоў, а іх была поўная зала, апраўдаліся, бо ў той вечар усе атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою. Наступным удзельнікам конкурсу мастацкай самадзейнасці стане калектыў аўтамабільнага парка №21 з праграмай, прысвечанай імянарачэнню. Прыемна, што на гэты раз сваю пра-граму пакажа і Цімкавіцкі народны тэатр. У іх праграме будзе спектакль вядомага драматурга Аляксея Дударава “Не пакідай мяне”. Дарэчы, 18 лютага тэатру патрэбна будзе гэтай п’есай абараніць званне народнага. Школа мастацтваў сумесна з сельскай бібліятэкай і літаратурным музеем Кузьмы Чорнага будзе прадстаўляць праграму, прысвечаную Дню абаронцы Айчыны. Віншаванні жанчынам у іх дзень будуць гучаць з вуснаў самадзейных артыстаў дзіцячага садка, хлебапрыёмнага ўчастка Клецкага камбікормавага завода, буракапункта, чыгункі і лесагадавальніка. Свята гукання вясны будзе прадстаўлена калектывам Цімкавіцкай сярэдняй школы, а вячоркі пакажа калектыў участковай бальніцы. Заключным акордам стане  свята, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння заслужанай настаўніцы школ БССР, заснавальніка і рэжысёра народнага тэатра, вялікага актывіста культурнай і асветніцкай работы Раманенкі Зінаіды Іосіфаўны. У свяце прымуць удзел усе калектывы мастацкай самадзейнасці, мясцовыя жыхары і актывісты, дэпутаты сельскага Савета. Алена ОСТРЫКАВА, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама, Таццяна БОХАН, загадчык аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем газеты «Слава працы»

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей