Гэта свята прысвечана ўшанаванню Беззаганнага Сэрца Багародзіцы. Адзначаецца ў суботу, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса, на дзявяты дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела і на трынаццаты пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы.

Шанаванне Сэрца Марыі як знаку любові да лю-дзей з’явілася ў сярэднявеччы. Асаблівая заслуга ў распаўсюджванні культу Сэрца Марыі належыць аратарыянцу айцу Яну Эду, які злучаў яго з культам шанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Ён пачаў сваё рэлігійнае вучэнне з ушанавання Сэрца Марыі і працягнуў яго ўшанаваннем Найсвяцейшага Сэрца Езуса, тлумачачы гэта так: «Вы ніколі не павінны падзяляць тое, што Бог настолькі дасканала злучыў. Так цесна Езус і Марыя звязаны адно з адным, што той, хто сузірае Езуса, бачыць Марыю; кожны, хто любіць Езуса, любіць Марыю; хто мае адданасць Езусу, мае адданасць Марыі».
Будзем памятаць, што сэрца Марыі з’яўляецца сімвалам любові Багародзіцы да людзей, а таксама міласэрнасці і спачування да чалавецтва, за выратаванне якога яна няспынна ўзносіць малітву. Беззаганнае Сэрца Марыі вучыць нас заўсёды дзякаваць Богу за дары, якія Ён нам пасылае, і жыць пад кіраўніцтвам Духа Святога. Сэрца Марыі — гэта сэрца, якое глыбінёй свайго смутку можа садзейнічаць выратавальным намерам Госпада. Менавіта гэты смутак з’яўляецца плённым, калі мы прымаем яго як волю Божую. Ён патрэбен для нашага ачышчэння або для выратавання свету.
Беззаганнае Сэрца Марыі цесна звязана з таям-ніцай Тройцы. Яно вучыць нас заўсёды дзякаваць, быць адкрытымі Святому Духу, а таксама вучыць нас прымаць волю Бога Айца, нават калі гэта можа быць балюча і незразумела. І, нарэшце, яно вучыць нас заўсёды захоўваць слова Божае ў нашых сэрцах. Хай нашы сэрцы становяцца храмам Духа Святога, каб садзейнічаць выратаванню ўсяго свету.
Комментарии