Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

Вогненны мяшок

08.04.2010

У 1943 годзе партызаны Беларусі сталі гаспадарамі сваіх дарог, лясоў, балот і палеткаў, дапамагалі Чырвонай Арміі весці барацьбу з акупантамі, знішчаючы гітлераўцаў сваімі сіламі. У жніўні пачалася “рэйкавая вайна”, пачасціліся засады на ўсіх дарогах не групкамі, а атрадамі, брыгадамі, калі на дарогі выходзілі тысячы партызан. Мне ўспомнілася засада трох брыгад на шашы Мінск-Слуцк 14 снежня 1943 года. Я сам удзельнічаў у гэтай аперацыі.

Перад 65-й гадавінай Вялікай Перамогі патэлефанаваў сваім баявым сябрам з Капыльшчыны (Васілю Ермалковічу, Мікалаю Лінніку, Івану Бохану), Уздзеншчыны (Валодзю Цукачу, Валодзю Курыльчыку, Фёдару Кампанійцу, Сяргею Шымановічу, Анатолю Рагалевічу). І ажылі баявыя ўспаміны.

Фашысты раніцай уважліва аглядалі кожны метр дарогі і пускалі калоны ўзброеных да зубоў салдат пад аховай браневікоў. Малыя групы партызан такім калонам не маглі ўчыніць значнай шкоды, а самі неслі страты.

Сабраліся камандзіры брыгад №27 імя Чапаева Мікалай Шастапалаў, №300 імя Варашылава Васіль Яроменка, №200 імя Ракасоўскага Мікалай Баранаў і рашылі разам зрабіць засаду. Вырашылі ўзяць гарматы, мінамёты, супрацьтанкавыя ружжы, выставіць заслоны на дарогах і надзейна прыкрыць шляхі адыходу, сфарміраваць моцныя штурмавыя групы аўтаматчыкаў, каб поўнасцю падавіць супраціўленне, знішчыць машыны і захапіць трафеі.

Некалькі дзён пайшло на падрыхтоўку. З раніцы да самага вечара сядзелі разведчыкі каля дарогі і вывучалі рух фашысцкіх калон, колькасць узброеных кулямётамі салдат, якія ахоўвалі калоны, інтэрвалы паміж машынамі. Выбіралі таксама месцы засад для кожнага з дзесяці атрадаў, шляхі адыходу, пазіцыі для гармат і мінамётаў, якія павінны былі не толькі знішчыць браневікі і машыны, але дапамагчы штурмавым групам падавіць супраціўленне гітлераўцаў.

Ноччу 14 снежня доўгія калоны партызан накіраваліся да шашы паўночней Валяр’ян, бо там можна было ахапіць самую доўгую калону, якая ля Валяр’ян магла раздзяліцца на тры – на Слуцк, на Узду, на Шацк, Пухавічы. Мы занялі агнявыя пазіцыі і сталі чакаць.

Світала. З боку Мінска праехала машына, салдаты ўважліва аглядалі дарогу. Каля дзесяці гадзін праехалі два браневікі, паліваючы кусты кулямётнымі чэргамі.

Партызаны маўчалі, схаваўшыся за камлі дрэў. Галоўная задача ў гэты час – не выявіць сябе, нанесці ўдар нечакана. Вось-вось павінна паказацца аўтакалона. Трэба даць магчымасць ёй уехаць у вогненны мяшок, каб абстраляць усе машыны адначасова.

Фёдар Кампаніец, камандзір разведчыкаў штаба брыгады імя Варашылава, папярэджвае сваіх разведчыкаў Дзёму Чэкана, Івана Карповіча, Сяргея Салаўёва, Мікалая Саўчанку:

— Ад мяне не адставаць. Страляць па кабінах, па кузавах, па бензабаках. Сяброў не пакідаць: ні параненых, ні забітых. Захапіць трафеі, якія зможам панесці. Астатнія – знішчаць! Галоўнае — варон не страляць! Жывымі вярнуцца!

Надрыўны гул матораў мацнеў. Адна за адной, у строгім парадку, набліжаліся машыны, расцягнуўшыся амаль на кіламетр. Хлопцы бралі на мушку грузавікі, праводзілі да пэўных арыенціраў ды бралі на мушку наступную. Тое ж рабіў і я сваім трафейным кулямётам.

Галава калоны мінула чапаеўцаў, варашылаўцаў, даехала да ракасоўцаў – уся калона ў мяшку. Камандзір брыгады Баранаў крыкнуў бранябойшчыкам Лычкоўскаму, Падабеду, Дзяменцьеву:

— Па браневіку і першых машынах – агонь! Завязвайце мяшок!

Тры ПТР і гармата Шульгі тут жа выстралілі. Адразу ж грымнуў магутны залп. Застрачыў кулямёт Васіля Казлова і Валодзі Пукача, не змаўкае мой чэшскі кулямёт, трашчаць аўтаматы разведчыкаў. Тысячы куль прабіваюць кабіны грузавікоў і некалькіх легкавушак. Задымілі браневікі і некалькі машын, яны запавольваюць ход, сутыкаюцца, з кузаваў саскокваюць салдаты, адны падаюць параненыя ля грузавікоў і хаваюцца за колы машын, нямногія жывыя ўцякаюць на ўсходнюю вырубленую паласу, бо на заходняй чуецца магутнае “ўра-а!” і набліжаецца да шашы. Штурмавыя групы кожнага атрада імчацца да машын, паліваючы іх свінцовым градам.

— Агонь, хлопцы! – крыкнуў Уладзімір Маяровіч байцам свайго аддзялення, а сам прыпаў на калена і пасылае трапныя кулі наўздагон фашыстам. Адзін з іх тыцнуў носам у зямлю. Другі ўпаў недалёка ад першага. Чыясьці куля дагнала ля самых кустоў трэцяга.

На шашы снуюць між машын Іван Бохан са сваім братам Мікалаем, тут жа браты Косця і Алёша Петручэні збіраюць вінтоўкі забітых гітлераўцаў, знімаюць патранташы. Між грузавікоў бегае Міхаіл Ларын, начальнік разведкі атрада “25 год Кастрычніка” і заглядвае ў кузавы грузавікоў, выцягвае адтуль трафеі: вінтоўкі, гранаты і падае партызанам, якія аказваюцца побач. А ля легкавушкі ўжо разведчык Марат Казей выцягвае з салона палкоўніка і адшпільвае рэмень з пісталетам, забірае планшэт з дакументамі.

Фёдар Кампаніец са сваімі разведчыкамі затрымаўся ля грузавіка, у кабіне якога ўбачыў забітага палкоўніка, выцягнуў яго, зняў парабелум і планшэтку з дакументамі. Яны аказаліся такімі важнымі, што камбрыг Яроменка ўзнагародзіў Фёдара здабытым парабелумам і даў даведку, што парабелум – узнагарода. З гэтым парабелумам Кампаніец не раставаўся і ў арміі. Пасля перамогі над фашысцкімі захопнікамі ён трапіў у беларускі музей Айчыннай вайны.

Разведчыкі Дзёма Чэкан і Сяргей Салаўёў адчапілі ад грузавіка гармату і хацелі перацягнуць на ўзлесак, але сіл не хапіла пераадолець завалы дрэў на прыдарожнай паласе. Хлопцы падарвалі гармату і сталі пераносіць лягчэйшыя трафеі, а іх хапала: вінтоўкі, гранаты, патроны, міны.

З прастрэленых бакаў выцякаў бензін. Партызаны падпальвалі яго, агонь перабягаў ад машыны да машыны, чорныя клубы дыму падымаліся ўвысь. Агонь гуляў на кіламетровым участку шашы, часта чуліся выбухі боепрыпасаў, што перавозіліся гэтай калонай.

Немцы з суседніх дзотаў абстрэльвалі з мінамётаў і шашу, бо ведалі, што там не засталося ўжо іхніх салдат, і прыдарожную паласу, па якой усё яшчэ снавалі партызаны. Асколак адной з мін трапіў у спіну камандзіра роты Слізкі. Яго перавязалі, але партызан хутка слабеў, сказаў па дарозе:

— Паміраю, сябры… Бывайце… Дзяцей маіх… дагледзьце…

Народныя мсціўцы з трафеямі вярталіся ў свае раёны. Партызанамі трох брыгад былі знішчаны “54 машыны, 2 браневікі, звыш 200 салдат і афіцэраў” (Стар. 318, “Памяць”, Дзяржынскі раён).

Водгулле партызанскай засады на шашы ля Валяр’ян даляцела да Узды і напалохала гітлераўцаў. На ўсіх дарогах з усходу да райцэнтра яны зрабілі засады, каб сарваць напад на раённы гарнізон. Чапаеўцы вярталіся на Капыльшчыну днём і наскочылі на засаду ля Пырашава, але збілі яе выстраламі гарматы. У час кароткага бою быў паранены камандзір роты Васіль Рудэня, куля прабіла шчаку і засела ў зубах. З мацюкамі Васіль выплюнуў кулю з некалькімі зубамі. Атрадны жартаўнік Іван Крычун гаварыў пасля ля кастра:

— Куды там фрыцам цягацца з чапаеўцамі. Мы ж умеем лавіць іхнія кулі і выплёўваць! – і паглядаў на ротнага, на шчацэ якога застаўся рубец.

— А нашых куль фрыцы не навучыліся выплёўваць: тады на шашы цэлы батальён працягнуў ногі, – дадаў камісар атрада Мікалай Няпомняшчы.

Да вызвалення заставалася больш за паўгода. Былі баі, былі страты. Загінуў камандзір атрада імя Чапаева Іван Грыб, загінулі піянер Марат Казей і начальнік разведчыкаў атрада “25 год Кастрычніка” Ларын, але іх замянілі новыя байцы, утвараліся новыя атрады, пачасціліся ўдары па гітлераўцах. Ашаламляльны ўдар нанеслі акупантам партызаны Беларусі ноччу 20 чэрвеня 1944 года: падарвалі тысячы рэек на ўсіх чыгунках у многіх месцах… Спынілі рух эшалонаў да франтавых часцей. Удар быў такой сілы, што водгулле яго дакацілася да Берліна, і зубастыя ваўкалакі з ашалелым фюрэрам упалі на калені і маліліся са слязамі: “О, Божа! Выратуй нас, выратуй нашу армію, што трапіла ў кацёл, у беларускі кацёл!” Ды ні Бог, ні чорт не змаглі спыніць вал вайны, які імкліва каціўся на захад. Праз месяц Беларусь ачысцілася ад акупантаў. Былыя партызаны далучыліся да чырвонаармейцаў і вызвалялі народы Еўропы ад фашысцкай нечысці. Вайна дакацілася да Берліна, а 8 мая 1945 года сцяг Перамогі ўзвіўся ўвысь, абвясціўшы аб заканчэнні вайны.

У 2010 годзе народы свету будуць адзначаць 65-годдзе Вялікай Перамогі, успамінаць воінаў, якія загінулі ў барацьбе з фашысцкімі агрэсарамі… Але не забыты Героі. Героі не паміраюць! Яны падымаюцца з магіл помнікамі, як Марат Казей, які ў парку ля опернага тэатра ў Мінску стаіць з паднятай над галавой гранатай і папярэджвае авантурыстаў: “Хто з мячом да нас прыйдзе – ад мяча і загіне. Гэта наш вечны запавет з часоў Аляксандра Неўскага! Жыве Беларусь і жыць будзе вечна, свабоднай і незалежнай”.

Жыві ж, Беларусь, і квітней на радасць людзям!

Васіль ГУРСКІ, Уздзенскі раён


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей