Нагода сустрэцца з Тамарай Юльянаўнай Дзенісовіч была вельмі прыемнай — жанчына рыхтавалася адзначыць свой чарговы юбілей.
А ініцыятарам гэтай гутаркі стаў начальнік Капыльскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кісялёў. Менавіта ён даў высокую ацэнку працы галоўнага бухгалтара сваёй структуры, пасаду якога Тамара Юльянаўна займае ўжо 28 гадоў.
— Я з дзяцінства вельмі любіла матэматыку, лічбы, — дзеліцца жанчына. — Для мяне гэта нібы асобны свет, які жыве па сваіх, дакладна вызначаных, правілах. Нават вярнуўшыся пасля працы дамоў альбо падчас выхадных ці водпуску я не магу цалкам пазбавіцца ад таго, каб не аналізаваць атрыманую інфармацыю і нібы чую музыку лічбаў. Здараецца, што і памылкі свае бачу ў сне.
Родам Тамара Дзенісовіч з вёскі Даменікова, пасля заканчэння Бучацінскай сярэдняй школы паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум. Першае месца яе працы — калгас «Іскра Леніна» ў Смалічах. Вышэйшую адукацыю ў Беларускай сельскагас-падарчай акадэміі ўжо атрымала без адрыву ад вытворчасці. У аддзяленні аховы працуе з 1989 года — з моманту яго арганізацыі.
— Мне пашчасціла на добрых людей, — працягвае расказ Тамара Юльянаўна. — І ў першую чаргу гэта мае калегі. Заўсёды адчувала падтрымку з боку кіраўнікоў службы — Уладзіміра Дамашэвіча, Васіля Рудага, Уладзіміра Анішчанкі, Аляксандра Кісялёва. З павагай да мяне ставяцца і іншыя супрацоўнікі аддзялення. Хутка знайшла агульную мову і са Святланай Апанасевіч, якая працуе разам са мной бухгалтарам. Безумоўна, у час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій даводзіцца перастройвацца і нам, бухгалтарам: вывучаць камп’ютар, асвойваць розныя праграмы. А гэта няпроста…
Пасля напружанай працы Тамара Юльянаўна шукае заспакаення ў хатніх турботах. Жывуць яны з мужам у прыватным доме, таму клопатаў па гаспадарцы хапае. Прызналася, што любіць кветкі, таму стараецца надаваць ім шмат увагі.
Сённяшнім суботнім вечарам, напэўна, сустрэнуцца разам за святочным сталом сваякі юбіляркі. А яна заўсёды рада бачыць у родным доме сыноў Андрэя з сям’ёй і Косцю. Бо самая вялікая радасць і самы дарагі падарунак для маці — гэта магчымасць абняць сваіх дзяцей.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии