Днямі давялося прымаць удзел у адным некалькі сумным мерапрыемстве — прафілактычнай акцыі «Старасць без насілля», арганізатарам і каардынатарам якой выступае ДУ «Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».
[caption id="attachment_58062" align="aligncenter" width="580"]
Размову вядуць Валерыя Чыркун і Аляксандр Есемчык[/caption]
Акцыя гэтая праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з саветам грамадскага пункта аховы правапарадку г. Капыля, раённымі аддзеламі ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, пракуратурай раёна, раённымі арганізацыямі Беларускага саюза жанчын і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, сельвыканкамамі.
Але вернемся да самаго рэйду. Чаму ён сумны? Мабыць таму, што з прадстаўнікамі зацікаўленых структур давялося наведваць састарэлых лю-дзей, якія жывуць са сваімі (!) дзецьмі і ад якіх бабуль і дзядуляў трэба… абараняць. Хіба ж не без смутку можна ўваходзіць у хату, у якой дзеці ставяцца да сваіх нямоглых бацькоў не проста дрэнна і абыякава, а яшчэ і са сквапнасцю?
У розных народаў свае адносіны да састарэлых, але адно, што аб’ядноўвае — гэта павага да ўзросту. Напрыклад, у Карэі і Кітаі ёсць закон, згодна з якім дзеці абавязаны наведваць сваіх бацькоў з пэўнай перыядычнасцю, незалежна ад таго, як далёка ад іх жывуць. І калі дзеці гэты закон не выконваюць, яны могуць сутыкнуцца з сур'ёзнымі штрафамі ці нават апынуцца ў турме. «Мы гадуем нашых дзяцей, каб яны паклапаціліся пра нас, калі мы пастарэем», — кажуць у Кітаі. Падобных прыкладаў можна прывесці шмат. Чаму ж здараецца так, што пра нашых старых людзей павінна клапаціцца дзяржава, сачыць за тым, ёсць у іх паліва, ежа ці ў добрым стане печка? Чаму тая ж дзяржава павінна абараняць бацькоў ад жорсткасці іх сыноў і дачок?
Разам са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Капыльскага ТЦСАН Валерыяй Чыркун і інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі Капыльскага РАНС Аляксандрам Есемчыкам наведваючы хаты, у большай колькасці якіх няма ні парадку, ні ўтульнасці, звярнула ўвагу на дзіцячыя фотаздымкі тых, хто па волі лёсу жыве побач са састарэлымі бацькамі. На чорна-белых выявах — прыгожыя хлапчукі з акцябрацкімі зорачкамі на кашулях, шчырыя юнакі ў армейскай форме. Куды ж зніклі дзіцячая душэўная прыгажосць і юнацкая шчырасць?
— Ён жа мяне маткай ніколі не назаве! — так пра свайго сына Юрыя, якому споўнілася 59 гадоў, праз скупыя старэчыя слёзы гаворыць 89-гадовая Марыя Іосіфаўна. — Ён бярэ мяне за каўнер і трасе, каб толькі аддала яму грошы! Юрка ў мяне адзіны сын…
Амаль такое ж становішча і ў Ганны Карнееўны. З той толькі розніцай, што і сама жанчына, і яе сын крыху мала-дзейшыя.
А вось 52-гадовы Міхаіл, які жыве разам з 72-гадовай мамай Антанінай Уладзіміраўнай, і наогул часцей за ўсё адбірае грошы ў жанчыны. І тая, каб неяк пражыць, ходзіць да суседзяў. Калі інспектар Аляксандр Есемчык паказаў мужчыну парушэнні пажарнай бяспекі ў хаце, той адказаў:
— А што я? Я тут не прапісаны. Няхай маці выпраўляе іх ці плаціць штрафы.
Як кажуць, без каментарыяў…
У Раісы Антонаўны пяцёра дзяцей. Большасць з іх — удалыя: хто ўрач, хто юрыст ці нават лётчык. Але адзін з іх, 52-гадовы Міхаіл, той самы, што зараз жыве з матуляй, нідзе не працуе, калі-нікалі ўжывае спіртныя напоі. Адным словам, надзеяй і падтрымкай для старой жанчыны яго не назавеш.
Шмат вёсак Бабаўнянскага і Слабада-Кучынскага сель-саветаў мы наведалі ў той сонечны чэрвеньскі дзень. Але бачылі і чулі ва ўсіх хатах, куды заходзілі, амаль адно і тое ж. І вось, што асабліва звяртае на сябе ўвагу: пераважная большасць беспрацоўных, што камянём павіслі на шыі састарэлых бацькоў, — мужчыны. Тая моцная палова чалавецтва, якая павінна ўзяць на сябе асаблівы клопат, павінна дапамагаць і аберагаць. Аднак чамусьці здараецца наадварот.
— Мабыць, так атрымоўваецца таму, што гэтым людзям у дзяцінстве матулі надавалі больш клопату і ўвагі, распесцілі іх, — выказаў сваю думку Аляксандр Есемчык, калі мы ўжо вярталіся з рэйду.
Можа яно і так. Каб атрымаць адказы, як кажуць, з першых вуснаў, тыя самыя асобы, што вядуць асацыяльны лад жыцця, будуць запрошаны на пазачарговыя пасяджэнні саветаў грамадскага пункта аховы правапарадку. Але да той пары, пакуль праблема існуе, дзяржава і надалей будзе клапаціцца пра дзядуляў і бабуль.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Беларусы кажуць
- Хто бацькоў шануе, той вавек не гіне.
- Хто бацьку шануе, той сабе неба гатуе.
- Малыя дзеці – галава баліць, а як вырастуць – сэрца.
- Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі – пасі, як авечку, тады выйдзе на чалавечка.
- Бяда без дзяцей, але ж бяда і з дзецьмі.
- Малыя дзеці – рукі баляць, вялікія – сэрца баліць.
- Не ўмеў гадаваць, умей выбачаць.
- Не слухаў малы, не паслухае і вялікі.
- Не навучыць бацька, дык навучыць гора.
Комментарии