На базе гімназіі № 1 г. Капыля адбыўся раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Мэта мерапрыемства — прыцягнуць увагу моладзі да беларускай літаратуры, захапіць мастацкім словам. Дэвіз конкурсу: «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!»
[caption id="attachment_57527" align="aligncenter" width="580"]
Падчас конкурсу[/caption]
У конкурсе прынялі ўдзел 50 вучняў з 16 устаноў адукацыі Капыльскага раёна. Ацэньвала таленавітых дзяцей журы ў складзе загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Веры Станкевіч, метадыста вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Сцяпуры, бібліятэкара ДУА «Гімназія № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі» Ліліі Бабко, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ДУА «СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага» Таццяны Колас. Вызначаць лепшых чытальнікаў дапамагалі ганаровыя госці — члены ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Таццяна Цехнабедзіна і Дзмітрый Вінаградаў — аўтары шматлікіх дзіцячых кніг і вершаў.
На сцэне актавай залы вучні чыталі разнастайныя вершаваныя творы вядомых класікаў і сучасных паэтаў. У кожнага чытальніка свая адметная інтанацыя. А некаторыя выступленні нават мелі арыгінальны падыход — ра-зам з вершамі прагучалі і музычныя інструменты. У журы была нялёгкая задача — выбраць лепшых чытальнікаў сярод вялікай колькасці цікавых нумароў. Лепшым уручылі Дыпломы I, II, III ступеняў у сваіх узроставых катэгорыях.
Сярод пачатковых класаў лепшай стала Лізавета Харковіч, вучаніца 3 класа ДУА «Семежаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя М.С. Высоцкага». У другой ўзроставай катэгорыі (5-6 класы) першае месца прысудзілі Уладзіміру Аніферу, вучню 6 класа ДУА «Слабадакучынская СШ». Сярод юных чытальнікаў 7-8 класаў Дыпломам I ступені была адзначана Валерыя Козел, вучаніца 8 класа ДУА «Семежаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя М.С. Высоцкага». У катэгорыі сярод 9-10 класаў першай стала Вольга Рыбак, вучаніца 9 класа ДУА «Старыцкая СШ».
Лепшыя чытальнікі раёна змогуць прыняць удзел у абласным этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии