Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Гарадок са сваімі “ста сямі горкамі” часцяком бачыцца ў снах

24.01.2011
Сустрэча ў Слуцкай раённай бальніцы з былым рэдактарам газеты “Слава працы” Віктарам Адамавічам Семянкевічам была для мяне і радаснай, і хвалюючай. Таму як 24 гады мы сябравалі, сустракаліся з ім штомесяц, а то і два разы, бо мне, як уласнаму карэспандэнту газеты “Мінская праўда” ў ліку чатырох раёнаў Слуцкай зоны пашчасціла абслугоўваць і Капыльскі. І першы мой візіт туды адбыўся 15 кастрычніка 1959 года. Вядома ж, пасля наведвання райкама партыі я завітаў у раёнку. Да паездкі ў не надта далёкі калгас для падрыхтоўкі матэрыялу аб ходзе ўборкі бульбы мне далі матацыкл з каляскай. Супрацоўнік газеты (прозвішча не памятаю) даімчаў туды і прывёз назад у гасцініцу. Праз тры дні ў “Мінскай праўдзе” надрукавалі мой рэпартаж на цэлы “падвал”. Потым за 31 год працы ўласным карэспандэнтам я аб’ездзіў амаль усе вялікія і дзясяткі малых вёсак Капыльшчыны. Ад Пясочнага да Макранаў і Семежава, ад Грозава да Доктаравічаў і Садавічаў. Мне вельмі спадабаліся, цешылі сэрца краявіды раёна – з горкамі, барамі, азярцамі ўзбоч горада. А яшчэ – сустрэчы з людзьмі – добразычлівымі, памяркоўнымі, з цікавымі жыццёвымі лёсамі. Мае нарысы пра іх друкаваліся не толькі ў абласной газеце, а і ў “Звяздзе”, “Сельскай газеце”. Мая першая сустрэча з Віктарам Адамавічам на пасадзе рэдактара райгазеты адбылася ў 1963 го- дзе, як толькі ён прыступіў да працы. Яго мяккі, лагодны характар, вытрыманасць прыйшліся мне па душы, як і знаёмствы з іншымі супрацоўнікамі газеты – Севам Гурыновічам, маім аднагодкам, з намеснікам рэдактара Рыгорам Швецам. Часцяком на рэдакцыйным “газіку” мы выязджалі на раён са сваімі заданнямі. І што мяне здзіўляла: дзе б ні паяўляўся Рыгор Навумавіч са сваёй усмешачкай на твары, з мяккім гумарам, вяскоўцы віталіся з ім як з блізкім ці родным! Аднойчы ў зімовы дзень у вёсцы Вялікія Прусы знаёмая яму немаладая, ветлівая жанчына запрасіла нас у хату: “Мо ж прагаладаліся з дарогі, то прысядзьце да стала, ёсць што падаць на абед”. Паставіла пляшачку хлебнай самагонкі, нарэзала лустамі кіндзюк, ад якога патыхнула прыправамі, незабыўным водарам хатняй каўбасы. То такога кіндзюка потым ні на адным базары я не бачыў! Капыльскі мог атрымаць прыз на якім-небудзь конкурсе хатніх каўбас. Не меней багатымі на цікавых людзей былі для мяне вёскі Пясочнае (радзіма паэта Анатоля Астрэйкі), Камсамольская, Семежава (пра першага пасляваеннага старшыню тутэйшага калгаса Краснеўскага двойчы пісаў нарысы), Доктаравічы, Навасёлкі, Грозава. Вакол кожнай пейзажы – нібы з твораў мастака Шышкіна! Палюбіў Капыльшчыну з таго часу так, што і цяпер, праз 22 гады, як стаў пенсіянерам, Капыль са сваімі “ста сямі горкамі” часцяком бачыцца ў снах. …Ад Віктара Адамавіча ў бальніцы даведаўся, што Рыгор Швец з жонкай і дзецьмі недзе ў 90-я гады выехаў у Ізраіль, пазней рашыў праведаць родны горад і сына, які застаўся ў горадзе Браслаўлі на Віцебшчыне. Паехаў туды на спатканне – і нечакана памёр, там і пахаваны. Адышоў неспадзявана ў іншы свет на пачатку восьмага дзясятка гадоў і любасны мне і ўсяму калектыву раёнкі ветэран вайны Сева Гурыновіч. А Віктар Адамавіч у свае 85 гадоў захаваў яснасць розуму, цяпло сэрца да блізкіх людзей. Няхай Усявышні дапаможа яму палепшыць зрок, заставацца з жонкай на доўгія гады разам. Міхаіл ТЫЧЫНА, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, г. Слуцк НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Тычына (стаіць крайні справа) з калектывамі рэдакцыі газеты “Слава працы” і друкарні. У першым радзе сядзіць (другі справа) рэдактар раёнкі Віктар Семянкевіч. Побач з ім у цэнтры – першы рэдактар “Калгасніка Капыльшчыны” Гаўрыіл Анішчук. Фота Івана ІГНАТЧЫКА 70-я гады ХХ ст., г. Капыль

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей