Сем высакарослых капыльскіх юнакоў сталі ваеннаслужачымі элітных войскаў спецыяльнага назначэння. Яны, як і сотні маладых людзей краіны, увайшлі ў першую групу, якая адправілася на тэрміновую ваенную службу 17 студзеня.
Павестка ў паштовай скрыні прымусіла хлопцаў напярэдадні зазірнуць да цырульніка. А ўжо на наступны дзень каля шасці гадзін раніцы шматлікія сваякі развітваліся з хлопцамі ля раённага ваеннага камісарыята. Праз некалькі хвілін аўтобус з капылянамі імчаў на абласны зборны пункт для адпраўкі ў вайсковую часць Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якая знаходзіцца ў г. Мар’іна Горка.
На падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №529 ад 12 кастрычніка 2010 года, для арганізаванага правядзення прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу ў воінскія часці райвыканкамам было падпісана рашэнне №1367 ад 21 кастрычніка 2010 г. “Аб чарговым прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу”. З кастрычніка мінулага года быў арганізаваны прызыўны пункт і створана прызыўная камісія, якая працавала па студзень 2011 года. Годнымі да тэрміновай ваеннай службы ў раёне прызнаны 33 чалавекі. Адпраўка ў войскі новага папаўнення будзе ажыццяўляцца да 29 студзеня бягучага года. А ўжо ў лютым у руках навабранцаў з’явяцца чырвоныя папкі са словамі ваеннай прысягі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: ваенны камісар Капыльскага раёна Сяргей Барташэвіч, начальнік групы прызыву Сяргей Ярмолік (у цэнтры) з навабранцамі (злева направа) Іванам Сіцкім, Андрэем Данілавым, Максімам Муха, Дзмітрыем Барысевічам, Аляксандрам Сінькевічам, Алегам Новікам і Сяргеем Змачынскім перад адпраўкай на абласны зборны пункт.
Фота аўтара
Комментарии