Перамога... Гэта слова кранае душу, будзіць успаміны, напаўняе сэрца болем і радасцю адначасова. Боль за тых, хто згарэў у чорным вогнішчы вайны, з дзесяцігоддзямі не становіцца менш вострым, а радасць кожнага новага мірнага дня суседнічае з бяскрайняй удзячнасцю пакаленню пераможцаў. Ім — наша лепшая песня, паклон да зямлі, самыя прыгожыя кветкі і яркія фарбы мая.
Мы памятаем! Мы ганарымся!

Святочны ўзрушаны настрой не змагло сапсаваць нават халоднае надвор’е. Прыгожа апранутыя людзі з кветкамі, флажкамі, надзіманымі шарамі сабраліся на цэнтральнай плошчы Капыля. Адусюль чуліся шчырыя словы віншавання са святам. Прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары і госці горада з нецярпеннем чакалі галоўных віноўнікаў урачыстасці — ветэранаў. З іх з’яўленнем на плошчы неяк адразу пацішала…

Традыцыйна ў Дзень Перамогі ўзгадваюць і пра яшчэ адно вельмі значнае для нашай краіны свята — Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. Напомніўшы асноўныя вехі з’яўлення дзяржаўнай сімволікі, Ірына Мікалаеўна шчыра павіншавала ўсіх са святам, якое мы будзем адзначаць у бліжэйшую нядзелю. Пачэснае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь атрымалі Валянціна Шуракова, дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея, і Руслан Гарнастай, навучэнец аддзялення «лыжныя гонкі» УА «Плешчаніцкая дзяржаўная абласная сярэдняя школа-вучылішча алімпійскага рэзерву». Словы любові да сваёй Радзімы выказалі маленькія выхаванцы дзіцячага ясляў-сада № 1 г. Капыля і ўжо добра вядомая сваімі яскравымі выступленнямі юная спявачка Настасся Карповіч. На заканчэнне мітынгу перад удзельнікамі ўрачыстасці роўнымі радамі прайшлі воіны 30-й асобнай чыгуначнай брыгады, супрацоўнікі Капыльскага РАНС, юныя інспектары дарожнага руху, юныя пажарныя-выратавальнікі. А над горадам луналі дэльтапланы, якія высока ў неба ўзнялі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і флаг горада Капыля.
Моманты святкавання Дня Вялікай Перамогі:

Урачыстасці прадоўжыліся ля помніка воінам-вызваліцелям Капыля, куды накіравалася святочная працэсія. У першых радах — навучэнцы гарадскіх школ з партрэтамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На мітынгу са словамі віншавання з Вялікай Перамогай да прысутных звярнуліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Ліневіч, малалетні вязень Яўген Сівец, начальнік адасобленай групы (Капыльскага раёна) ваеннага камісарыята Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Сяргей Маргалік. Цудоўнай літаратурна-музычнай кампазіцыяй парадавалі навучэнцы школ горада.

Пасля святочнага салюта, ускладання вянкоў і кветак да помніка вызваліцелям горада свята перамясцілася ў зону адпачынку і на фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гараджан і гасцей Капыля чакалі цікавы канцэрт «Жывём і памятаем той Пераможны май», на алеях размясціліся Горад майстроў, тэматычныя і забаўляльныя пляцоўкі, гандлёвыя павільёны. З захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў гульнях і конкурсах, якія ім прапанавалі падчас дзіцячай дыскатэкі лялечныя героі-аніматары Клоўн і Міньён. Дарэчы, дапамаглі арганізаваць гэтую забаву супрацоўнікі магазіна святочных аксесуараў, што нядаўна адкрыўся ў Капылі.
Многа чаго цікавага было падрыхтавана для капылян і ў вячэрні час. Самыя лепшыя ўражанні пакінула тэматычнае лазернае шоу, сваю долю апладысментаў атрымалі ўдзельнікі эстраднага канцэрта. А ў 23 гадзіны неба над Капылём расквеціў рознакаляровы феерверк.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии