Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

У кожным двары — “Цары”

20.01.2011
Ужо каторы год запар у аграгарадок Семежава на свята Шчодрага вечара, у ноч з 13-га на 14-е студзеня, спяшаюцца шматлікія госці, каб паглядзець на ўнікальны семежаўскі абрад, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, а ў мінулым годзе занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А ўжо сёлета абрадаваму калектыву “Цары” за работу па вывучэнні, адраджэнні і захаванні народных традыцый прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У мінулы чацвер стаць сведкамі відовішчнага семежаўскага абраду прыехалі супрацоўнікі пасольства ФРГ, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Інстытута культуры Беларусі, Інстытута этнаграфіі і культуры Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, журналісты сродкаў масавай інфармацыі краіны і г. д. Як заўсёды, на свята ў Семежава прыбылі ўраджэнцы гэтай вёскі – Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, прафесар Мікалай Манак, доктар медыцынскіх навук Міхаіл Рымжа. Госці  пазнаёміліся з экспа- зіцыямі раённага краязнаўчага музея, дома-музея Міхаіла Высоцкага. Пабывалі яны і ў раённым Цэнтры ткацтва, дзе сваё майстэрства прадэманстравалі юныя ткачы. Яшчэ задоўга да пачатку абрада ў цэнтры Семежава разгарнуўся своеасаблівы калядны кірмаш. Для шматлікіх гледачоў работнікі Скабінскага, Быстрыцкага, Ляшнянскага, Семежаўскага сельскіх дамоў культуры спявалі  песні, заклікалі прысутных пачаставацца выпечкай, рознымі сялянскімі стравамі. Народныя калектывы “Спадчына” і “Капыльскія пацехі” забаўлялі сцэнамі шчадравання  з удзелам пераапранутых, варажбой, вясёлымі конкурсамі, у якіх з цікавасцю прымалі ўдзел госці. Кожны жадаючы на некалькі хвілін мог адчуць сябе крышачку “царом”, апрануўшыся ў абрадавы касцюм. Як толькі стала змяркацца, перад вяскоўцамі, гасцямі, журналістамі з’явіліся  “Цары”. Асветленыя ўспышкамі фотакамер, яны заходзілі ў кожную хату, дзе разыгрывалі знаёмае, але адначасова і прыцягальнае для семежаўцаў прадстаўленне. Шчодрыя гаспадары па традыцыі адорвалі бравых “салдатаў” рознымі смачнасцямі, сярод якіх галоўны далікатэс – духмяная свойская каўбаса. Калі на двары сцямнела зусім, калядоўшчыкі запалілі яркія факелы, што прыдало іх шэсцю значна большую згадкавасць і таямнічасць. Яшчэ доўга ў цемры быў чуцён гулкі страявы крок “Цароў”, якія спяшаліся трапіць у кожны двор… - Наш абрад узнік у ХVIII стагоддзі, калі ў вёсцы стаялі рэгулярныя войскі царскай арміі, – расказвае кіраўнік калектывуТаццяна Шаура. - Доўгімі зімовымі вечарамі салдаты хадзілі па Семежаве і паказвалі сваё прадстаўленне. Вось ужо тры стагоддзі перадаецца гэта традыцыя з пакалення ў пакаленне. У 1996 годзе мы далі ёй другое жыццё. Словы абраду поўнасцю захаваны дзякуючы нашым продкам. І вось ужо 15 гадоў ходзім па нашай вёсцы, радуем аднавяскоўцаў. Вельмі добра сустракаюць, запрашаюць у хату. Працэсія цароў на Шчадрэц разыгрывае драму “Цар Максіміліян”. Сярод калядоўшчыкаў ёсць і мясцовыя персанажы – Дзед і Баба. А калі “Цары” не зайшлі ў які-небудзь дом, лічаць, што яны пакрыўджаны на гаспадароў. У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, апранутыя ў адмысловыя касцюмы: белыя штаны і кашулі, чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж навязаныя на грудзях кожнага цара, на галаве – высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Ужо ў суботу, 15 студзеня, абрадавы калектыў “Цары” прыняў удзел у рэспубліканскім свяце “Шчадрэц”, які прайшоў пад эгідай Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту ў в. Азярцо Мінскага раёна. Сяргей ЛАЗОЎСКІ НА ЗДЫМКАХ: 1. Ідуць “Цары”; 2. Пачастункі для ганаровых гасцей; 3. Спявае “Спадчына”. Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей