За шматгадовую добрасумленную працу, мэтанакіраваную дзейнасць па сацыяльнай абароне пажылых людзей, ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны і ў сувязі з 30-годдзем утварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, член савета Капыльскай раённай арганізацыі ветэранаў Віктар Адамавіч Семянкевіч удастоены Ганаровай граматы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

Віктар Адамавіч на працягу 24 гадоў узначальваў рэдакцыю газеты «Слава працы». Менавіта дзякуючы яму раёнка набыла цяперашнюю назву. Пад яго кіраўніцтвам газета выпрацоўвала свой стыль, удасканальвалася падача матэрыялаў, якія адрозніваліся трапнымі загалоўкамі. Многім журналістам Віктар Семянкевіч даў пуцёўку ў жыццё.
Багатыя веды роднага краю, жыццёвы вопыт гэтага паважанага чалавека былі заўсёды запатрабаванымі. Ветэран вайны і працы, член Беларускага саюза журналістаў, ён праводзіў актыўную работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Віктар Адамавіч у складзе раённай камісіі ўнёс вялікі ўклад у падрыхтоўку і напісанне кнігі «Памяць. Капыльскі раён», а таксама альманаха «Ветэраны. Летапіс Капыльскага раёна. Памяць. Подзвіг. Праца. Стварэнне».
З заслужанай узнагародай Віктара Адамавіча Семянкевіча павіншавалі старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Ганчар і старшыня Капыльскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Лукашэвіч.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии