— Я — «прыцягнутая» да зямлі. Без яе, роднай, і жыцця свайго не ўяўляю, — так гаворыць Ніна Сцяпанаўна Астрэйка, былы старшыня калгаса «Ленінец» (зараз — ААТ «Мажа-Агра»).
І працягвае, нібы падводзячы нейкія асабістыя вынікі:
[caption id="attachment_56272" align="aligncenter" width="580"]

Ніна Сцяпанаўна Астрэйка[/caption]
— Ніколі б не прамяняла працу на зямлі на горад. Я часта думаю над тым, якое жыццё пражыла, як працавала. Можа, некаторыя пытанні вырашала б па-іншаму. Думаю, былі моманты, калі і паводзіла сябе не так, як хацелася б цяпер. Але ні аб чым не шкадую. Кіраўніком быць наогул складана, ды і не кожны адолее: для гэтага чалавек унутры павінен мець стрыжань. Трэба добра адчуваць залатую сярэдзіну, каб не быць вельмі жорсткім, але і дабрыні многа не патрэбна.
Што ж, Ніна Сцяпанаўна Астрэйка мае права даваць парады: за тыя 17 гадоў, на працягу якіх яна кіравала калгасам «Ленінец», змагла падняць гаспадарку на больш высокі ўзровень. За працоўныя дасягненні жанчына ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную адзнаку», знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва», шматлікімі граматамі. Жыхары вёскі Мажа, дзе знаходзілася кантора названага калгаса, і зараз успамінаюць, што падчас кіравання Астрэйкі быў парадак, былі добрыя вынікі. У чым жа сакрэт поспеху?

Колькі сябе памятае, Ніна Сцяпанаўна любіла жывёлу і расліны, любіла зямлю і ўмела на ёй працаваць. Гэта любоў перайшла ад таты Сцяпана Андрэевіча: ён працаваў ветэрынарным урачом у калгасе імя Сталіна, што знаходзіўся на тэрыторыі Пясочнага. Менавіта там і нарадзілася наша гераіня. Мама Настасся Васільеўна была бацьку добрым памочнікам, акрамя таго яна даглядала траіх дзетак: Васіля, Ніну і Маю. Але ціхае і размеранае жыццё парушыла Вялікая Айчынная. А ў апошнія дні вайны на тэрыторыі Польшчы загінуў тата. Сям’і прыйшлося вельмі няпроста. Як і многія ў той час, елі чорныя «блінцы», якія пяклі з перамерзлай бульбы. Але нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Ніна добра скончыла школу. Хутка са службы ў арміі вярнуўся брат. Ён бачыў, што жыццё ў вёсцы нялёгкае, таму і прапанаваў дзяўчынцы ісці вучыцца на швачку. Але Ніна з нейкай патаеннай зайздрасцю глядзела на суседку-агранома, якая ўдала скакала на кані. «Вось і мне б так», — думала дзяўчына. А тут яшчэ і сама суседка падгаворвала: «Нінка, чаго думаеш? Аграном — самая лепшая прафесія. Заўсёды на зямельцы роднай працуеш». Доўга ўгаворваць і не прыйшлося: усё тое ж прыцяжэнне да зямлі ўзяло сваё. І ціхенька-ціхенька, каб не даведалася маці, Ніна сабрала свае рэчы і паехала паступаць у Мар’інагорскае сельскагаспадарчае вучылішча.
Два з паловай гады вучобы выдаліся досыць складанымі: не было што есці, што апрануць. Але гэтыя цяжкасці яшчэ больш умацавалі характар, навучылі змагацца з абставінамі і атрымліваць перамогу над імі. Першае сваё сапраўднае паліто Ніне падарыла маці перад тым, як дзяўчына пайшла на працу ў рыбгаспадарку Браслаўскага раёна. Менавіта там Ніна Сцяпанаўна спасцігала на практыцы прамудрасці сапраўднага гаспадара.
[caption id="attachment_56270" align="aligncenter" width="580"]

Ніна Астрэйка (злева) з удзельнікамі ўрачыстасці ў РДК. Пачатак 80-х гадоў[/caption]
А яны вельмі ёй спатрэбіліся, калі праз тры гады вярнулася на Капыльшчыну. Працаваць давялося на палетках калгаса «Зара свабоды» ў Слабада-Кучынцы. Пачынала побач з аграномам Сяргеем Лінгам (з 1997 па 2000 гг. прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. — Рэд.). Сёння Ніна Сцяпанаўна з усмешкай успамінае, як Сяргей Сцяпанавіч даваў ёй парады: «Ніна, ты не глядзі на мяне, што я хутка езджу верхам. Ты крыху цішэй паганяй свайго каня, бо не дай бог перавернецца павозка! А табе яшчэ сям’ю ствараць!» Як у ваду глядзеў! Вельмі хутка па прыездзе Ніна Сцяпанаўна пазнаёмілася з Леанідам Кандыбовічам, і праз пэўны час маладыя згулялі вяселле.
Але ў Слабада-Кучынцы доўга не затрымалася: Ніне Астрэйцы прапанавалі пасаду галоўнага агранома ў калгасе «Інтэрнацыянал». Арганізатарскія здольнасці і апантанасць у рабоце хутка заўважыла кіраўніцтва раёна: Ніну Астрэйку паставілі ў рэзерв кіруючых кадраў і адправілі на курсы. На працягу года, калі Ніна Сцяпанаўна павышала кваліфікацыю, яе сына Ігарка даглядала бабуля.
Скончыўшы курсы, Ніна Астрэйка з новымі сіламі прынялася за работу. Але жанчына адчувала: патрэбна вышэйшая адукацыя. «Што ж я, горшая за іншых?» — задавалася яна пытаннем і сама сабе адказвала: «Не». У ліку 12 добраахвотнікаў Ніна Сцяпанаўна паехала ў Салігорск, куды прыбыла выязная прыёмная камісія з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Студэнтамі сталі сямёра, а атрымалі дыпломы і зусім пяцёра. Муж з разуменнем адносіўся да прафесійных імкненняў жонкі.
Да таго моманту, калі ў 1974 годзе Ніна Сцяпанаўна закончыла вышэйшую ўстанову, яна ўжо два гады займала пасаду старшыні калгаса «Ленінец», таму патрэбы сапраўднага гаспадара зямлі ведала не па чутках. Яна заўсёды была ўпэўнена: «Трэба ведаць больш, чым ведаю я». І вучылася ўсё жыццё: у сялян, у калег, у кіраўнікоў.
Кіраваць калгасам «Ленінец» было складана. Асаблівую цяжкасць выклікаў той факт, што гэта гаспадарка з’яўлялася прыгараднай і ў капылян былі свае погляды на тое, дзе і як ім можна пасвіць уласную жывёліну. Да таго ж асноўнымі відамі гаспадарання, якія вызначыла кіраўніцтва раёна, былі здача дзяржаве малака і мяса буйной рагатай жывёлы. Такога прыбытковага віду, як вырошчванне свіней, пры планаванні закладзена не было. Таму прыходзілася, як кажуць, круціцца.
Працоўны дзень старшыні Астрэйкі пачынаўся ў 6 гадзін раніцы. Яна асабіста сачыла за тэхнічным станам трактароў і камбайнаў, за гатоўнасцю глебы. Да таго ж трэба было зацікавіць людзей: заставаліся працаваць у калгасе, бо многія ўладкоўваліся ў райцэнтр. Вельмі хутка Ніну Астрэйку калгаснікі пачалі зваць Мама. І для таго былі добрыя падставы: жанчына, як сапраўдная маці, знаходзіла індывідуальны падыход да кожнага работніка. Але і дысцыпліну трымала жалезную: за такія парушэнні, як, напрыклад, п’янства, каралі рублём. Аднак і зарабляць старанныя працаўнікі сталі болей, ім танна або зусім бясплатна давалі збожжа. Дапамагалі старшыні аднадумцы: аграном Шапашнікаў Анатолій Сямёнавіч, ветэрынарны ўрач Мірончык Андрэй Васільевіч, заатэхнік Балажынская Ганна Вікенцьеўна, брыгадзіры Лепяціла Леў Іванавіч і Данілевіч Міхаіл Іванавіч. Дзякуючы дасканалай арганізацыі працы хутка сталі расці асноўныя эканамічныя паказчыкі: да 3500 кг павялічыўся надой ад адной каровы, ураджайнасць збожжавых складала 31 ц/га. Для таго часу гэта быў добры вынік.
— Павелічэнне надояў ад каровы залежыць, перш за ўсё, ад кармоў, — і зараз упэўнена Ніна Сцяпанаўна. — Мы змаглі расшырыць тэрыторыю сенакосаў, павялічылі кармавую базу. Ды і людзі ставіліся да сваёй працы вельмі адказна. Я ніколі не была абыякавай — усё, кожную падзею, кожную перамогу альбо, наадварот, паражэнне, прапускала праз сябе. І добра ведала душу чалавека. Калі быў дрэнны настрой, імкнулася не паказваць яго сваім працаўнікам, не вылівала эмоцыі на падначаленых.
Але Ніне Сцяпанаўне не было спакою: хацелася зрабіць нешта адметнае, што было б толькі ў яе гаспадарцы. І такая ідэя знайшлася: было вырашана пабудаваць птушкаферму, каб здаваць дзяржаве мяса куранят-бройлераў. Дзяржптушкапрам даў згоду. Каб атрымаць ліміты на электраэнергію, ездзілі ажно ў Маскву. За кароткі тэрмін пабудавалі тры новыя памяшканні для ўтрымання птушкі, захавалі работу астатніх. Птушкагадоўлю ўзначаліла Чаркас Ядвіга Канстанцінаўна. Курынае мяса здавалі дзяржаве праз кожныя 60 дзён. У калгаса з’явілася дастаткова ўласных грошай. Як старшыня моцнай гаспадаркі ў 1975 годзе Ніна Сцяпанаўна Астрэйка прымала ўдзел у рабоце Усесаюзнага сходу прадстаўнікоў саветаў калгасаў саюзных рэспублік, пазней была дэлегатам 27 з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Старшыня Астрэйка таксама змагла пераканаць праўленне калгаса, каб прыняць удзел у стварэнні на тэрыторыі Мажы прафесійна-тэхнічнага вучылішча, якое прыняло першых навучэнцаў у ліпені 1980 года.
Няўрымслівы характар прывёў Ніну Сцяпанаўну Астрэйку і на грамадскую работу: на працягу 13 гадоў яна ўзначальвала раённы Савет жанчын. І тут ёй пашанцавала з аднадумцамі: побач была такая ж актыўная і ініцыятыўная Ідалія Канстанцінаўна Чаркас, дырэктар раённай бібліятэкі. Разам ім даводзілася вырашаць шматлікія жыццёвыя праблемы, дапамагаць жанчынам, якія трапілі ў цяжкія абставіны. Такое старанне не засталося незаўважаным: Ніна Астрэйка становіцца дэлегатам Усесаюзнага з’езда жанчын.
Дарэчы, жанчынай-старшынёй калгаса ў той час Ніна Астрэйка была ў раёне адзінай, таму да яе з асаблівай павагай адносіліся калегі-мужчыны. Яна і зараз падтрымлівае сяброўскія адносіны з Іванам Якаўлевічам Малюжыцам, Віктарам Іванавічам Коласам, Анатолем Мікалаевічам Буцько. Па тэлефоне абмяркоўваюць не толькі праблемы здароўя, але і некаторыя сельскагаспадарчыя пытанні.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак застацца без справы зноў жа такі не змагла. З 1989 года Ніна Сцяпанаўна ўзначаліла прыродаахоўную інспекцыю. Дзякуючы ёй у раёне з’явіліся тры заказнікі: «Марачанскі», «Ракітнік», «Волка». Пры ёй пачаліся работы па добраўпарадкаванні капыльскай крынічкі. Яна магла не толькі знайсці недахопы ў рабоце таго ці іншага прадпрыемства або гаспадаркі, але і пераканаць кіраўнікоў хутка і якасна навесці парадак. Ды наогул, Ніна Сцяпанаўна Астрэйка і тут засталася сапраўдным прафесіяналам: Капыльская прыродаахоўная інспекцыя была ў ліку лепшых у вобласці, тут праводзілася шмат семінараў. Калі была патрэба, на дапамогу прыходзіла старшыня камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый Марыя Худая.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии