Шэраг мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў запланавана правесці падчас месячніка, які, згодна з распараджэннем старшыні райвыканкама Анатоля Ліневіча № 60р ад 17 сакавіка 2017 года, будзе праходзіць на Капыльшчыне па 30 красавіка.

Запланаваны суботнікі з максімальна эфектыўным удзелам усіх устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва — на замацаваных тэрыторыях і плошчах агульнага карыстання населеных пунктаў. Не застануцца без увагі землі ляснога фонду і кантралюемыя зоны дарог, дзе будзе забяспечана ўборка несакцыянаваных сметнікаў, ветравальных і сухастойных дрэў з наступным іх вывазам.
Да 1 мая КУП «Капыльская ЖКГ» неабходна знесці самавольныя пабудовы на ўездзе ў г. Капыль з боку в. Доктаравічы, добраўпарадкаваць месцы адпачынку і пляж на сажалцы
№ 2 г. Капыля, разам з Капыльскім доследным лясгасам завяршыць работы па вырубцы і вывазе сухастойнай драўніны, ачыстцы і планіроўцы прылеглай тэрыторыі да сажалкі № 1 у райцэнтры. Адказвае жыллёва-камунальная гаспадарка і за навядзенне парадку ў парках і скверах Капыля.
Раённаму таварыству выратавання на водах даручана добраўпарадкаваць зону адпачынку ля возера Багушы, абнавіць свой інфармацыйны стэнд на гарадскім пляжы.
Дорожнікі і камунальнікі (кожны на сваёй тэрыторыі) да пачатку мая павінны правесці ямачны рамонт вуліц і праездаў, нанесці дарожную разметку.
Да майскіх святаў неабходна навесці парадак і арганізаваць азеляненне сельскіх населеных пунктаў, прысядзібных участкаў, тэрыторый ля адміністрацыйных і вытворчых памяшканняў. Сельвыканкамы і кіраўнікі сельгасарганізацый нясуць адказнасць за ўвядзенне ў сельгасабарот і пераразмеркаванне пустуючых зямельных участкаў. Вялікая ўвага павінна надавацца навядзенню парадку на пустуючых сядзібах, ля помнікаў і воінскіх пахаванняў, на грамадзянскіх могілках. У кожным сельвыканкаме наконт гэтага распрацаваны дакладныя планы работ.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии