26 сакавіка — Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі
Жыве чалавек з намі побач, заняты сям’ёй, работай і сваімі паўсядзённымі справамі. І, здаецца, нічога асаблівага ў ім няма, але калі пазнаёмішся бліжэй, аказваецца, што хаваецца ў ім цэлы «скарб», таму што перад намі — асоба, і размова з ёй выклікае непадробны інтарэс.

Так і Мікалай Барысавіч Бельмач, які працуе слесарам-рамонтнікам на кацельні № 5 КУП «Капыльская ЖКГ». У 1983 годзе ён уладкаваўся ў сельгастэхніку, скончыў курсы акумулятаршчыкаў і працаваў па гэтай прафесіі. Аднак у зімовы час пераходзіў у кацельню прадпрыемства, якая не толькі ацяпляла цэхі, але і падавала цяпло ў навакольныя жылыя дамы.
— Спачатку кацельня наша працавала на мазуце, затым падвялі прыродны газ, — распавядае Мікалай Барысавіч. — Змежную прафесію я асвоіў хутка: дакладна ведаю кожны болцік, кожную дэталь і вузел у абсталяванні.
Калі кацельню перадалі ў падпарадкаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Мікалай Бельмач застаўся там працаваць слесарам-рамонтнікам. Работа даволі адказная, паколькі ад спраўнасці абсталявання на кацельні ў многім залежыць, ці будуць з цяплом і гарачай вадой жыхары шматпавярховак, якіх становіцца ў гэтым мікрараёне ўсё больш.
— Я ведаю: калі не прапушчу нейкую непаладку, а ўсё дакладна праверу — змена пройдзе спакойна. На тым і стаім, — усміхаецца Мікалай Барысавіч. — Калектыў у нас зладжаны, калі трэба, то і па дапамогу ёсць да каго звярнуцца.
Жывуць Бельмачы непадалёку — купілі прыватны дом па вул. 50 гадоў БССР. Менавіта тут, на прысядзібным участку, а таксама на дачы ў в. Вусава праводзіць Мікалай увесь свой вольны час. Справа ў тым, што ён захапляецца садаводствам і агародніцтвам. На пытанне, якім культурам надае перавагу, адказаў: «Мне цікавыя ўсе, якія толькі могуць расці ў нашым клімаце». Шмат гадоў набывае саджанцы дрэў і кустоў у гадавальніках у Самахвалавічах, Негарэлым, Фаніпалі. Нейкія культуры выбірае ў інтэрнэце — супрацоўнічае з віцебскай кампаніяй «Дом і сад». Ды і сам прышчэплівае сарты, якія падабаюцца.
— Сад, агарод — гэта маё захапленне. Работы там, безумоўна, вельмі шмат, але калі яна ў радасць — не адчуваеш ні стомы, ні часу. Ёсць у нашай хатняй гаспадарцы мотаблок з рознымі прыстасаваннямі, якія вельмі дапамагаюць у рабоце.
Дарэчы, тэрыторыя кацельні № 5, якая з’яўляецца прыкладам добраўпарадкаванасці для іншых падраздзяленняў прадпрыемства, набыла прывабны выгляд у многім дзякуючы старанню Мікалая Барысавіча. Разам з былым начальнікам кацельні Віктарам Анішчанкам планавалі малыя архітэктурныя формы, садзілі пладовыя дрэўцы, кустоўе і нават вінаград…
Імкненне мужа займацца раслінаводствам падтрымлівае і Наталля Анатольеўна, якая працуе ў сырцэху Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». З задавальненнем ласуюцца смачнымі пладамі і ягадамі дзеці і ўнукі Бельмачаў.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии