Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

53

Уникальная коллекция

23.03.2017
Экспазіцыя работ беларускіх майстроў інсітнага ці, як яго яшчэ называюць, «наіўнага» мастацтва з гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» працуе ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі. Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлена 17 работ беларускіх народных мастакоў. «Маляваныя дываны — творы, напісаныя на саматканым палатне, радзей цыраце або паперы, прызначаныя для ўпрыгожвання жылля, — расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Варанцова. — Найбольшую папулярнасць і распаўсюджанне гэтыя дываны набылі ў 30-50-я гады мінулага стагоддзя. Хоць выраблялі іх па ўсёй Беларусі ўжо з канца XIX стагоддзя. Аднак кампазіцыі тых часоў да нас не дайшлі. Росквіт гэтага віду мастацтва ў даваенны і пасляваенны час тлумачыцца тым, што інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’еру сялянскага жылля патрабавалі новых відаў дэкаратыўнага ўпрыгажэння». IMG_1439 Цэнтральную частку экспазіцыі заняла работа «Дзева на водах» (на здымку) майстра Алены Кіш (1896-1949), чыё імя добра вядома капылянам. У запаведніку «Заслаўе» захоўваецца ўнікальная калекцыя дываноў (захаваліся 11 з больш за 300 створаных) гэтай народнай мастачкі са Случчыны. Некалькі работ Алены Кіш знаходзяцца і ў фондах нашага музея. Дарэчы, імя народнага майстра, якая жыла і стварала на тэрыторыі нашага раёна, уключана ў Сусветную энцыклапедыю інсітнага мастацтва. Акрамя таго, у цэнтры выставачнай залы размешчаны часопіс і брашура, якія распавядаюць пра жыццёвы і творчы шлях народнай умеліцы, а таксама паштовы канверт, выпушчаны да 100-годдзя з дня яе нараджэння. Сярод прадстаўленых работ непадробную цікавасць выклікаюць «маляванкі» Язэпа Драздовіча — вядомага інтэрпрэтатара народнай творчасці. Асноўныя сюжэты дываноў Язэпа Нарцызавіча — гэта архітэктурныя помнікі або прыгожыя пейзажы Беларусі ў абрамленні гірляндаў з кветак, садавіны, лісця і матылькоў. Нават назвы іх гучаць паэтычна прыгожа: «Месяцовая ноч», «Замак над возерам», «Накцюрн», «Касцёл у Задарожжы». «Дарэчы, 22 сакавіка ў музеі стартуе акцыя, — паведаміла Таццяна Варанцова. — Падчас яе кожны наведвальнік, які набыў білет, пасля розыгрышу зможа стаць шчаслівым уладальнікам памятнага прыза. А што гэта будзе, для пераможцы стане прыемнай нечаканасцю». Незвычайная выстава народнага мастацтва будзе прадстаўлена капылянам і гасцям горада да 3 красавіка. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей