Калектывы мастацкай самадзейнасці сельскіх дамоў культуры Капыльшчыны радуюць нас такімі мілагучнымі і кранаючымі за душу песнямі, якія даўней спявалі нашы бабулі і дзядулі. Але ці гучала б гэтая народная спадчына сёння, калі б вучоныя-фалькларысты не вышуквалі і беражліва не занатоўвалі іх у сваіх працах. Да такіх зацятых зберагальнікаў вуснай народнай творчасці адносіцца наш зямляк, вучоны-фалькларыст Антон Іванавіч Гурскі, які сёлета, якраз на Стары Новы год, адзначыў 75-годдзе.
Астролагі лічаць, што ад таго, у якую пару нарадзіўся чалавек, такі і лёс у яго будзе. Будучы фалькларыст і казачнік з’явіўся на свет у спрыяльны час у сям’і хлебаробаў Івана і Марыі Гурскіх.
Вёска Свінка (Лугавая) - незвычайнае паселішча. Яна дала Айчыне сузор’е таленавітых вучоных-моваведаў Гурскіх, пісьменніка Васіля Сташэўскага, прафесараў розных навук. Прадоўжыць справу першапраходцаў наканавана было Антону Іванавічу Гурскаму. На яго долю выпала шмат нягод. Калі хлопчыку было ўсяго два гады, любімага бацьку Івана Вікенцьевіча, лепшага працаўніка калгаса «Бальшавік», арыштавалі па даносе, асудзілі і пазбавілі волі. Маці, якая сумленна працавала даяркай, як жонку ворага народа, выключылі з калгаса. Жыць стала цяжка. Антон не па гадах сталеў. Чацвёра дзетак Гурскіх чым маглі дапамагалі маці, абраблялі прысядзібны ўчастак, збіралі дары лесу. Ды і суседзі не засталіся абыякавымі да гаротнікаў, дзяліліся збожжам і бульбай. Старэйшая сястра Таццяна набыла прафесію настаўніцы і падма-цоўвала сваёй зарплатай сям’ю. Неўзабаве перад самай вайною вярнуўся са зняволення бацька, і жыць стала лягчэй.
Вайна прынесла гора. Карнікі часта рабілі набегі на бліжэйшыя да мястэчка Пясочнага вёскі. Здзекаваліся і забівалі вяскоўцаў. Ды і фашысцкія самалёты таксама не давалі спакою. У адным з налётаў запалілі хату Гурскіх, брацікі і сястрычкі Антона цудам засталіся жывыя. А калі хлопчык пасвіў кароўку каля лесу, з неба нямецкі лётчык сваімі чэргамі накрыў яго, але і на гэты раз па міласці Божай, Антон застаўся жывым. I хоць прыйшло доўгачаканае вызваленне, сям’я Гурскіх яшчэ шэсць гадоў жыла ў зямлянцы. Толькі ў 1950 пабудуюць новую хату. Старэйшы брат Яўген мужна змагаўся на фронце. Пра яго ў адным з нумароў райгазеты напісаў былы дырэктар Лясноўскай СШ Валянцін Юльянавіч Жалкоўскі: «3 Яўгенам можна было смела ісці ў разведку». У будучым Яўген Гурскі стане прафесарам матэматыкі і будзе працаваць у ваеннай акадэміі.
Незабыўнымі стануць гады вучобы ў Бальшавіцкай дзесяцігодцы. Школа мясцілася на беразе вірлівай рачулкі Лоша, якая ўпадае ў славутую раку Нёман. Менавіта маладыя настаўнікі расказвалі вучням легенды і паданні пра Нёман і Лошу. Толькі Лоша ў гэтых аповядах была прыгожай дзяўчынай, а Нёман працавітым асілкам. Гісторыя іх пераўвасаблення зацікавіла, і Антон занатаваў яе ў сшытак. Слухаў ён расказы вяскоўцаў, і кожны з іх даносіў паданні па-свойму. У будучым, калі Гурскі стане навукоўцам, ён адпрацуе і верне, так бы мовіць, першапачатковую чысціню падання.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Антонаўна Цвірка арганізавала драмгурток, ладзіла пастаноўкі, літаратурныя вечары, якія не абмінаў Антон Іванавіч Гурскі. Такая творчая атмасфера заклала ў душы будучага вучонага моцны падмурак. Ад маці і бацькі яму перадалася любоў да паэзіі, прозы. I гэта ўсё станоўча спрыяла даследаванню вуснай мастацкай творчасці беларусаў.
Заканчэнне Мінскага педагагічнага інстытута ў 1959 годзе, затым нястомная праца ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі прынеслі яму славу. У вайну багатыя скарбы беларускага фальклору былі знішчаны фашыстамі, і такія навуковыя працаўнікі, як Антон Іванавіч Гурскі, большасць народнай спадчыны аднавілі. Ён сам даследуе народную творчасць і вучыць студэнтаў памнажаць фальклорныя багацці, пакуль носьбіты яшчэ жывыя. Як кіраўнік фальклорных студэнцкіх экспедыцый, збірае тысячы ўзораў народнай творчасці. Паспяхова абараняе дысертацыі, становіцца самавітым вучоным. Такія вядомыя даследчыкі этнаграфіі і фальклору, як Васіль Ліцвінка і іншыя яго вучні, дабаўляюць яму гонару. Валодаючы літаратурным талентам, Антон Іванавіч Гурскі напісаў шмат кніг пра паданні, загадкі, легенды, народныя песні. Нядаўна выйшла добра аформленая ў каляровай гаме кніга «У ноч на Івана Купалу». Апрацаваныя Гурскім легенды і паданні настолькі цікавыя, што чытаюцца на адным дыханні. Аўтар тут выступае ў ролі пісьменніка-казачніка (ну чым не Яршоў ці Сакалоў - Мікітаў - гэтыя рускія пісьменнікі таксама пераказвалі казачныя творы прашчураў). Тут ёсць пра лесавікоў і вадзянікаў, пра свавольствы паноў, якіх ставяць на месца, як людзі, так і сілы прыроды. Знайшлося месца для русалак, дамавых, ваўкалакаў, якія бытуюць у славянскай міфалогіі.
Абсягі яго даследаванняў вялікія. Гурскі выдаў такія кнігі: «Зімовыя песні», «Калядкі і шчадроўкі», «Земляробчы каляндар», «Святкаванне Калядаў на Беларусі», выдаў зборнік казак, абрадаў беларусаў.
Для выхавання нашых дзяцей вучоны-педагог выдаў шмат зборнікаў казак, легенд: «Музыка-Чарадзей», «Дрэва Кахання», «Не сілай, да разумам» і шмат-шмат іншых цікавых кніжак. Яго імя назаўсёды ўпісана ў фалькларыстыку і этнаграфію. Ён вучыць любіць свой народ і паважаць яго багатую спадчыну.
Антон Іванавіч Гурскі ўжо не адзін год сябруе з супрацоўнікамі раённай бібліятэкі. Часта бывае ў кніжнай скарбніцы, дзе ён расказвае аб сваіх задумах і планах, перадае шмат кніг і манаграфій. Да юбілейнай даты вучонага ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі экспануецца выстава яго работ, жыццяпіс юбіляра.
Іван ІГНАТЧЫК,
г. Капыль
Комментарии