Дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова стала адной з пераможцаў у намінацыі «За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры» па выніках рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2016».

Цырымонія ўзнагароджання прайшла 18 сакавіка ў Мінску. У рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года-2016» перамаглі 44 прадстаўніцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Як адзначыў на цырымоніі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч, у Беларусі жанчыны займаюць першыя пазіцыі ў палітыцы і бізнесе. У сваю чаргу намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Беларускага саюза жанчын Мар’яна Шчоткіна дадала, што беларускія жанчыны дабіваюцца прыкметных поспехаў ва ўсіх сферах.
У конкурсе ўсяго шэсць намінацый, якія перыядычна змяняюцца. Так, на гэты раз з улікам правядзення Года навукі была ўведзена намінацыя «Жанчына ў навуцы». Названы таксама імёны найбольш паспяховых жанчын у намінацыях «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва», «За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры», «За выхаванне дзяцей і моладзі», «За ўклад у развіццё вёскі», «Паспяховы старт і надзея Беларускага саюза жанчын».
Дарэчы, конкурс «Жанчына года» праводзіцца ў дзявяты раз. У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, у прыватнасці, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь Пальчык, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік і інш.
На ЗДЫМКУ: намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік уручае ўзнагароду Валянціне Шураковай.
Комментарии