97
За кожным матэрыялам — лёс чалавека
17.01.2011
10 студзеня адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Як падкрэсліла намеснік старшыні камісіі Зоя Дайняк, матэрыялаў на разгляд было вынесена няшмат, але, як заўсёды, за кожным з іх стаяць лёсы людзей.
Так, неабходна было вырашыць пытанне аб адлічэнні з політэхнічнага каледжа Веранікі Чыжык, якая пражывае ў в. Аножкі. Дзяўчына, правучыўшыся чатыры месяцы, зразумела, што выбрала не тую спецыяльнасць, таму і пачала прапускаць заняткі. Відавочна, што бацькі не пракантралявалі яе паводзіны, а даведаліся толькі тады, калі забілі трывогу ў навучальнай установе. Камісія прыняла рашэнне, што ў далейшым выбары спецыяльнасці Вераніцы дапаможа сектар занятасці насельніцтва.
Разгледжаны паводзіны Святланы Ермаковай. Яна выхоўвае дваіх дзяцей. Дзяўчынка займаецца ў Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце, а вось хлопчык наведвае цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, яму патрэбен асаблівы догляд, аднак у маці на гэта не заўсёды хапае часу. На камісіі жанчына паабяцала, што бацькоўскія абавязкі будзе выконваць належным чынам.
Неаднойчы выклікаўся на пасяджэнні Дзмітрый Чэмікаў з в. Ч. Дубрава. Хлопец не хоча ні вучыцца, ні працаваць. Узнікаюць пастаянныя праблемы: кра-дзяжы, сяброўства з зялёным змеем, знявага навакольных і г. д. Хаця з другога боку ў юнака ёсць і станоўчыя рысы – ён даглядае свайго дзядулю, які моцна хварэе. Камісія вынесла папярэджанне аб тым, каб Дзмітрый да 15 лютага ўладкаваўся на працу.
Былі разгледжаны і матэрыялы аб нездавальняючай паспяховасці ў школе, “знаёмстве” непаўналетніх са спіртнымі напіткамі і іншыя.
Таксама вырашана пытанне аб вяртанні ў біялагічную сям’ю Крывецкіх з в. Душава траіх дзяцей з сацыяльнага прытулка. Пасля рэабілітацыі ў сям’і створаны належныя ўмовы для пражывання, бацькі рэгулярна выходзяць на працу, наведвалі дзяцей у прытулку, таму камісія і прыняла станоўчае рашэнне.
Сяргей КОЗЕЛ
Поделиться
Комментарии