Працягвае сваю работу раённая камісія па разглядзе заяў грамадзян аб вызваленні ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год па Дэкрэце № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Нагадаем, што выплата збору ажыццяўляецца на падставе паведамлення падатковай інспекцыі.

Людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач. Атрымаўшы паведамленне, чалавек мае права прадставіць дакументы або тлумачэнні, якія могуць вызваліць яго ад выплаты збору. Для гэтага яму трэба звярнуцца ў «адно акно» райвыканкама і напісаць заяву. Пры сабе ў абавязковым парадку трэба мець дакумент, які пацвярджае асобу, даведку са звесткамі аб даходах самога грамадзяніна і членаў яго сям’і, якія з ім сумесна пражываюць за 12 месяцаў, што папярэднічалі месяцу падачы заявы. Пажадана яшчэ мець дакументы, якія б пацвярджалі і цяжкае становішча асобы.
На чарговым пасяджэнні камісіі разгледжаны матэрыялы чатырох асоб, якія падалі заявы аб вызваленні. Да кожнай з іх — падыход індывідуальны.
Кожная канкрэтная сітуацыя разглядаецца з пазіцыі чалавечнасці. Пры прыняцці рашэння ўлічваюцца стан здароўя чалавека, наяўнасць утрыманцаў, матэрыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх пражывае заяўнік, і іншыя абставіны. Каб разабрацца аб’ектыўна з кожным выпадкам і высветліць усе абставіны, намаганняў трэба прыкласці нямала.
Выклік на пасяджэнне камісіі, трэба меркаваць, стаў штуршком для маладога непрацуючага капыляніна, які адразу ж звярнуўся ў сектар занятасці.
Але сустракаюцца і такія выпадкі, калі асобы не маюць ніякіх падстаў на тое, каб атрымаць вызваленне ад выплаты. Былі такія прадстаўнікі і на апошнім пасяджэнні. Двое мужчын, можна сказаць, у росквіце сіл, але працаваць не хочуць: «перабіваюцца» тым, што заробяць у сваіх аднавяскоўцаў. А яшчэ і з алкаголем маюць трывалае знаёмства… Вядома ж, яны атрымалі адмову ад камісіі.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии