За 17 гадоў працы аператарам сувязі аддзялення паштовай сувязі Капыль-2 Ніла Дворак стала для наведвальнікаў па-сапраўднаму блізкім ці нават родным чалавекам.
Заўсёды ветлівая, яна ўмее знайсці падыход да кожнага: усё цярпліва растлумачыць, хутка абслужыць і абавязкова падорыць усмешку. Кліенты яе любяць і паважаюць — а яна шчаслівая, што сваёй работай робіць жыццё людзей больш зручным і камфортным.
Нарадзілася Ніла Люцыянаўна ў Аножках, што непадалёку ад Капыля. Пасля заканчэння 8 класаў паехала да дзядзькі ў далёкі Мурманск, дзе паступіла ў педагагічнае вучылішча. На працягу 16 гадоў адпрацавала там жа выхавальнікам дзіцячага сада сударамонтнага завода «Нерпа». У 1998 годзе вярнулася на сваю радзіму, дзе спачатку таксама два гады аддала педагагічнай ніве. Аднак так склаліся абставіны, што давялося змяніць поле дзейнасці. І ў 2000 годзе яна прыйшла ў сферу паштовай сувязі: тры гады дастаўляла карэспандэнцыю ў гарадскім аддзяленні, а са жніўня 2003 года працуе аператарам.
За перыяд працы Ніла Люцыянаўна ўжо добра ведае некаторых сваіх кліентаў, вывучыла іх характары і да кожнага знайшла індывідуальны падыход.
— Аддзяленне паштовай сувязі Капыль-2 стала для мяне амаль другім домам, — гаворыць Ніла Люцыянаўна. — Я люблю справу, якой займаюся. Нават калі пенсію якой-небудзь бабулі выплаціш і бачыш, як яна радуецца — самой становіцца прыемна. Вельмі падабаецца асвойваць што-небудзь новае, часта прымаю ўдзел у дапрацоўцы некаторых камп’ютарных праграм. Калі з’яўляецца якая-небудзь навінка, то ў мяне быццам крылы вырастаюць. Хочацца як мага хутчэй вывучыць і працаваць.
Кіраўніцтва аддзялення сувязі характарызуе Нілу Люцыянаўну як працавітага, добрасумленнага і выканаўчага работніка, які адказна адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. У яе адрас няма скаргаў ад кліентаў, яна забяспечвае захаванасць грашовых сум і паштовых адпраўленняў.
Лепшым адпачынкам пасля працоўнага дня жанчына лічыць вязанне. Па яе словах, гэта з’яўляецца добрым сродкам для зняцця стомленасці. А ў вясенне-летне-асенні перыяд на веласіпедзе спяшаецца ў Аножкі да сваёй матулі, дзе любіць заняцца агародніцтвам. Прыемнымі момантамі напаўняецца жыццё, калі ў госці прыязджаюць дачка і два сыны, а дом запаланяе смех унукаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии