Старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргей Цвірко за няпоўныя тры гады кіраўніцтва ведае ў сваім сельсавеце амаль кожнага жыхара і кожнае месца: ці добраўпарадкаванае яно, ці патрабуе прыкладання рук. У сваю чаргу і мясцовыя жыхары яго добра ведаюць.
Сяргей Іванавіч добра спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі, знаходзіць належны кантакт з вяскоўцамі, выконвае патрабаванні вышэйшага кіраўніцтва, сам уносіць прапановы.
Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця сельсавета з’яўляецца добраўпарадкаванне.
— Вялікую ўвагу надаём прыстанку памерлых — могілак на тэрыторыі сельсавета 9. Пахаванні павінны быць прыбранымі і абкошанымі, нават калі няма спадчыннікаў, — лічыць Сяргей Цвірко. — Таксама замяняем агароджы (на шасці яны ўжо жалезабетонныя). Праўда, рабіць гэта даводзіцца з прыцягненнем сродкаў насельніцтва. Рамантуем воінскія помнікі, абеліскі, брацкія магілы. Садзейнічаюць у навядзенні парадку мясцовы аварыйна-выратавальны пост, школа, сельгаспрадпрыемствы.
Вядома, што выгляд населеных пунктаў псуюць старыя, кінутыя хаты. Таму ў мінулым годзе ў сельсавеце знесена 47 пустуючых будынкаў і на іх месцы добраўпарадкаваны тэрыторыі. Працягваецца працэс па скасаванні вёскі Пнівада, дзе захаваны ўсе пабудовы. За гэты ж час спілавана 845 аварыйна-небяспечных дрэў, ліквідавана 56 стыхійных сметнікаў. Традыцыйна наводзіцца парадак напярэдадні святаў вёсак, якія штогод абавязкова праводзяцца ў Пацейках, Душаве і Траянаве.
Сельвыканкам працуе ў цесным кантакце з насельніцтвам. Праз сходы грамадзян, сувязь са старэйшынамі і дэпутатамі вырашаюцца праблемы вяскоўцаў, вядзецца прафілактычная работа па прадухіленні проціпраўных дзеянняў, пажараў, сацыяльнага недабрабыту і г.д.
Дапамагаць людзям у будзённых клопатах і справах заўсёды імкнецца Сяргей Цвірко. А спрыяе яму ў гэтым вопыт папярэдняй дзейнасці. За плячыма ў Сяргея Іванавіча атрыманне прафесіі інжынера, педагагічнай адукацыі, работа ў маладзёжнай арганізацыі, давялося яму ўзначальваць аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, філіял «Вялікая Раёўка».
А надзейнай падтрымкай у паспяховай рабоце для Сяргея Іванавіча з’яўляюцца яго жонка Алена, дачка Мілена і сын Артур.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии