Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

С журналистикой навсегда

24.02.2017
Пісаць пра свайго калегу проста і адначасова складана. Проста — таму, што добра ведаеш гэтага чалавека, складана — бо баішся не знайсці тыя словы, якія дасканала змогуць перадаць стан яго душы, добразычлівасць і спагадлівасць, толькі яму ўласцівае ўменне быць заўсёды шчырым у адносінах і сваіх допісах. OLYMPUS DIGITAL CAMERA Усе гэтыя словы пра загадчыка аддзела радыё і інфармацыі капыльскай раённай газеты «Слава працы» Сяргея Козела, голас якога добра вядомы слухачам і аматарам праграм раённага радыёвяшчання. — Любоў да радыё ў мяне, можна сказаць, з самага дзяцінства. — дзеліцца Сяргей Леанідавіч. — Памятаю, як яшчэ ў школьныя гады любіў слухаць праграмы беларускага радыё, якія трансліраваліся па правадной сетцы. Быў неаднаразовым удзельнікам і пераможцам літаратурнай радыёвіктарыны «Адгадай, адкуль гэта?», за што атрымліваў прызы — кнігі з подпісам вядучага, вялікага знаўцы беларускай мовы Уладзіміра Юрэвіча. Пазней былі «Рамантыкі» — перадача для дзяцей і юнацтва, якую вяла наша зямлячка Людміла Дрожжа з Рымашоў. Яе чароўны голас і манера данесці інфармацыю  да слухача проста заварожвалі. Заўсёды з цікавасцю чакаў і праграм Капыльскага раённага радыё. І вось ён ужо сам на працягу 17 гадоў расказвае пра жыццё раёна, знаёміць з яго жыхарамі. За гэты час адбылося шмат змен: адышло ў нябыт правадное радыё, якому на змену прыйшлі новыя тэхналогіі. Зараз нас можна пачуць на FM-хвалях, і не толькі на Капыльшчыне, але і ў суседніх раёнах. Старыя «бабіннікі» і іншая гуказапісная апаратура заменены на сучасную камп’ютарную тэхніку і дыктафоны. Аднак творчая дзейнасць Сяргея Леанідавіча не абмяжоўваецца толькі работай у радыёстудыі. Чытачы раёнкі таксама з цікавасцю чытаюць яго інфармацыі, замалёўкі, рэпартажы. Асноўны напрамак, які асвятляе ў сваёй творчасці Сяргей Козел, — грамадска-палітычная тэматыка, за што, дарэчы, наша газета летась стала лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу  «Залатая Літара». Творчы імпэт Сяргея вельмі ўдала спалучаецца з высокай адукаванасцю і ўменнем разгаварыць суразмоўцу, што вельмі важна для нашай прафесіі. Дакладнаму адчуванню беларускага слова, усіх адценняў яго гучання наш калега вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Былі ў яго працоўнай біяграфіі старонкі, звязаныя з педагагічнай дзейнасцю і маладзёжным рухам, але ўсё ж такі журналістыка стала тым адзіным, з якім яго жыццё знітавана назаўсёды. Маргарыта САКОВІЧ Фота Марыі ШЭІНАЙ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей