Вадзіцель аўтамабіля МАЗ Мікалай Скуратовіч з філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» - ДРБУ № 124 заўсёды падыходзіць з поўнай сур'ёзнасцю да сваёй працы.
Стаж Мікалая Генадзьевіча ў арганізацыі складае больш за дваццаць гадоў, і за гэты час ён ужо не раз быў адзначаны за добрыя поспехі - мае шмат грамат, занесены на Дошцы гонару ў сваім філіяле, акрамя таго ён ужо быў адным з перадавікоў Капыльскага раёна. Як прызнаецца сам вадзіцель, кіраўніцтва ўвесь час заахвочвае за працу, з калектывам сяброўскія адносіны. Што тычыцца працы, то тут таксама ўсё добра - тэхніка заўсёды ў добрым стане, як гаварыцца, у поўным узбраенні.
- Я ўжо працую на трэцяй машыне - гэта МАЗ-5516А5, - распавядае Мікалай Скуратовіч. - Зімой аўтамабіль прызначаны для снегаўборачных работ, летам транспарт заняты рознымі грузаперавозкамі.
У дарожнікаў шмат працы асабліва ў зімовую пару: трэба расчысціць і добраўпарадкаваць дарогі. Мікалай Генадзьевіч кажа, што нават у вялікія святы і выхадныя няма калі адпачываць - у любы час сутак можа паступіць неадкладны выклік.
Сам Мікалай Скуратовіч родам з Капыля. Жанаты і мае двух ужо дарослых дзяцей. Андрэй - інжынер-механік, працуе на адным з прадпрыемстваў у Мінску. Другі, Сяргей, побач з бацькам - працуе вадзіцелем ГАЗэлі у ДРБУ № 124. Таму, як кажа Мікалай Генадзевіч, заўсёды ёсць да каго звярнуцца па дапамогу і ў працы, і дома.
Павел ШЭІН
Комментарии