Наўрад ці думала Наталля Кавалеўская, што ёй давядзецца займацца доглядам даволі экзатычнай для нашых мясцін птушкі — фазанаў. Перайсці на новае працоўнае месца лясніку Бабаўнянскага лясніцтва прапанавалі, калі Капыльскі доследны лясгас у Язвінах, на месцы былой падсобнай гаспадаркі «Гарызонт» на плошчы 2,5 га пабудаваў фазанарый.
Галоўнае, каб птушка была накормлена, напоена. Канешне, хочацца мець добрыя рэзультаты, стараюся, каб фазаны хутка раслі і набіралі вагу. Больш увагі патрабуюць птушаняты, прынамсі, як і кожныя дзеці. Дарослая птушка вялікіх клопатаў не стварае. Яна ў нас жыве ў вальерах пад адкрытым паветры, добра пераносіць маразы, горш — слякатнае надвор’е, калі ў халодную пару года ідзе мокры снег або дождж.
Наталля Кавалеўская паказала сваю шматгалосную гаспадарку. Асабліва прыгожыя самцы фазанаў з доўгімі стракатымі хвастамі. Шэра-карычневыя самачкі больш сціплыя. З надыходам вясны (недзе ў красавіку) яны пачнуць нясціся, і тады ў Наталлі Пятроўны дабавіцца клопату: трэба будзе збіраць яйкі, закладваць іх у інкубатар, пазней — даглядаць птушанят. Напрыклад, за мінулы сезон самкі знеслі каля 6000 яек, з якіх вылупіліся фазаняты.
Аднак фазаны вырошчваюцца не толькі для правядзення паляванняў, ёсць тут і вельмі прыгожыя, дэкаратыўныя птушкі: каралеўскія, сярэбрыстыя, алмазныя… Дапаўняюць міні-заапарк еўрапейскія лані, трусы. І іх таксама даглядае Наталля.
Увогуле ў сям’і Кавалеўскіх да лясной гаспадаркі маюць адносіны аж тры яе члены. Раней працаваў лесніком у Бабаўнянскім лясніцтве муж Наталлі Пятроўны Аркадзь Сігізмундавіч. Менавіта яго пасаду заняла жанчына, калі той звольніўся, і займалася аховай лесу 12 гадоў. Як успамінае Наталля, на той час вялося шмат лесапасадачных работ, у якіх лесаводам дапамагалі школьнікі. Работа з імі вельмі падабалася лесніку — так у нейкай ступені рэалізоўвалася яе дзіцячая мара быць настаўнікам. Звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай і сын Кавалеўскіх Аляксандр, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта працуе ў РУП «Белдзяржлес». А вось дачка Настасся засталася на Капыльшчыне: выйшла замуж і знайшла сабе працу ў ААТ «Капыльскае».
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии