Адной з найбольш важных задач, па меркаванні настаўніка інфарматыкі ДУА «
Сярэдняя школа №2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага»
Дзяніса Ляшчэвіча, з’яўляецца вывучэнне здольнасцей сваіх выхаванцаў і садзейнічанне ў творчай рэалізацыі кожнага дзіцяці.

Любоў да прадмета «інфарматыка» з’явілася ў Дзяніса яшчэ падчас навучання ў другой гарадской адзінаццацігодцы. Дзякуючы тадышняму эксперыменту школьнікі, аб’яднаныя ў педагагічны клас, на паглыбленай аснове вывучалі прадметы па абранай спецыяльнасці. Навучанне для юнака давалася лёгка, асабліва падабаліся профільныя прадметы — матэматыка і інфарматыка. Да япошняй Дзяніс Ляшчэвіч праяўляў большую цікавасць, магчыма таму, што падабалася методыка выкладання настаўнікаў Людміла Мікалаеўны і Мікалая Мікалаевіча Гаўрыленкаў.
Трывалыя веды дазволілі пасля школы без праблем паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на матэматычны факультэт па спецыяльнасці «матэматыка і інфарматыка». Ужо ў 2002 годзе Ляшчэвіч як малады спецыяліст вяртаецца на радзіму і ўладкоўваецца працаваць настаўнікам інфарматыкі ў «сваю» школу. Амаль адразу ж Дзяніс Міхайлавіч звяртае ўвагу на вучняў, якія праяўлялі на занятках кемлівасць і знаходлівасць. Ужо на факультатыўных занятках з такімі дзецьмі пачыналася мэтанакіраваная, больш паглыбленая работа, якая ў рэшце рэшт прыносіла свае плады. Неаднаразова выхаванцы Дзяніса Ляшчэвіча станавіліся пераможцамі раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіяд. «Справа ў тым, што не заўсёды адораныя дзеці робяць поспехі ў вывучэнні прадмета, — адзначыў настаўнік. — Дзецей, якія паспяхова выступаюць на алімпіядах, я б назваў, хутчэй, працавітымі. Таму што менавіта ад іх уседлівасці, увагі залежыць і канчатковы вынік».
Паглыблена інфарматыку вывучаюць школьнікі рознага узросту. І, як высветлілася, вучні малодшых класаў часта пераўзыходзяць старэйшакласнікаў па веданні прадмету. «Практычна ўсе вучні, з якімі я займаюся, дастаткова хутка выходзяць за рамкі школьнай праграмы, — тлумачыць Дзяніс Міхайлавіч. — Гэта патрабаванне часу, таму што для высокіх рэзультатаў патрэбныя веды, якімі валодаюць студэнты 1-2 курса ВНУ».
Многія настаўнікі задаюцца пытаннем, як можна падрыхтаваць вучняў для паспяховага ўдзелу ў алімпіядах. А вось у настаўніка інфарматыкі СШ №2 безумоўна ёсць свой сакрэт. Пацвярджэннем таму — вынікі выступлення вучняў на абласных алімпіядах, адкуль выхаванцы Дзяніса Ляшчэвіча не вярталіся без дыпломаў апошнія дзевяць гадоў.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии