У кафетэрыі Капыльскага райспажыўтаварыства, які размешчаны ў цэнтральнай раённай бальніцы, можна набыць тавар на любы густ. І ў гэтым добрую дапамогу аказвае буфетчык 4 разраду Святлана Лепяціла, якая заўсёды падкажа і дапаможа з выбарам патрэбнай прадукцыі. Гэтая ўсмешлівая жанчына ветлівая з кожным пакупніком, таму вяртацца ў кафетэрый удвая прыемна.
Працоўны стаж Святланы Мікалаеўны ў сферы гандлю складае каля дваццаці гадоў, з іх — чацвёрты год (пасля дэкрэтнага водпуску) працуе ў кафетэрыі. Тут заўсёды шматлюдна, тавараабарот добры, у дзень захо-дзяць каля 300 чалавек — і гэта, хутчэй за ўсё, дзякуючы добразычлівасці самаго работніка.
— Галоўнае любіць людзей і быць спагадлівым, тады і людзі пацягнуцца да цябе, — адзначае Святлана Мікалаеўна. — Трэба любіць сваю працу — ад гэтага і з’яўляюцца добрыя паказчыкі.
У кафетэрыі можна спакойна папіць гарбаты або з’есці булачку. У медыцынскіх работнікаў падчас абедзеннага перапынку — гэта любімае месца, дзе можна перакусіць. А тым, хто прыехаў з іншых населеных пунктаў або здае аналізы нашча, кафетэрый не дасць прагаладацца. У наяўнасці ёсць шмат карысных і смачных прадуктаў, сродкі асабістай гігіены, а таксама газеты і часопісы. Святлана Лепяціла распавядае, што вялікім попытам карыстаюцца кандытарскія вырабы і паўфабрыкаты. Яна таксама прымае заяўкі на розныя тавары. Асабліва шмат іх паступае ў перадсвяточныя дні.
У Святланы Мікалаеўны парадак і на працы, і ў хатняй гаспадарцы. Заўсёды прыйдуць на выручку добрыя памочнікі — яе трое дзяцей. Двое з іх, Яўген і Карына, вось-вось скончаць школу, маленькая Ксенія выхоўваецца ў дзіцячым садзе. Трэба адзначыць, што яе сына Яўгена Шагуна часта можна бачыць на старонках «СП» як актывіста БРСМ, а гэта значыць, што Святлана Лепяціла правільна выхоўвае сваіх дзяцей.
Павел ШЭІН
Комментарии