Менавіта такога прынцыпу прытрымліваецца Наталля Францкевіч, якая займаецца вырошчваннем і адкормам маладняку буйной рагатай жывёлы на комплексе «Чарнічнае» ААТ «Старыца-Агра».
У гэтай прафесіі жанчына ўжо 10 гадоў і здолела дабіцца высокіх рэзультатаў. Напрыклад, сярэднясутачная прывага на групе бычкоў, якіх яна даглядае, складае 1 кг 36 г. Прымае яна іх двухмесячнымі, вагой каля 50 кг, а пакідаюць секцыю праз паўгода 200-кілаграмовымі волатамі.
— Трапіла я на комплекс, можна сказаць, выпадкова, — расказвае Наталля. — Мой муж родам з Роспаў (гэта вёска непадалёку ад Чарнічнага), там мы і пасяліліся ў яго бацькоў. У нас нарадзілася дачушка Крысціна, праз два гады яшчэ адна — Аленка. Пасля дэкрэтнага водпуску трэба было ўладкоўвацца на працу, вось і звярнулася на комплекс. Спачатку мяне прынялі ў якасці стажора: вучылася даглядаць цялят, карміць іх, паіць… Выпрабаванне вытрымала паспяхова, так і засталася тут працаваць. І гэта справа мне вельмі падабаецца. Цікава назіраць, як растуць мае выхаванцы, набіраюць вагу, мажнеюць. Кожны мае свой характар, свае звычкі. І гэта таксама трэба ўлічваць, каб дабіцца поспеху.
А поспех Наталлі Францкевіч, зліваючыся са стараннай працай яе калег, дае вельмі добрыя вынікі. Нездарма комплекс «Чарнічнае» апошнія тры гады займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліканскім спаборніцве сярод аналагічных жывёлагадоўчых аб’ектаў.
Так здарылася, што Наталля гадуе сваіх дачушак адна — шэсць гадоў таму яна засталася ўдавой. Але адзіноты не адчувае, паколькі бацькі мужа адносяцца да яе, як да сваёй дачкі, заўсёды гатовы падтрымаць, прыйсці на дапамогу. Ды і дзяўчаткі ўжо падрастаюць добрымі памочніцамі. Крысціна нярэдка частуе любую матулю смачнымі тартамі, кексамі, бісквітамі, якія пячэ сама, Аленка спяшаецца да прыходу мамы памыць посуд, прыбраць у хаце. А яшчэ яны старанна вучацца ў школе і радуюць маці выдатнымі адзнакамі. Відаць, працавітасць і спрыт ім перадаліся ў спадчыну.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии