Медыцынскай сястры аддзялення палеатыўнай медыцынскай дапамогі Быстрыцкай участковай бальніцы Наталлі Шугалей кожны дзень даводзіцца адчуваць боль і перажыванні не толькі пацыентаў, але і іх сваякоў.
Чатыры гады таму ўрачы паставілі ёй самой не вельмі добры дыягназ. Пэўны час Наталля Рыгораўна змагалася з хваробай. Перамагла. Але ніколі не забудзе, як назірала за работай Быстрыцкай бальніцы з акна свайго дома, што стаіць насупраць. Назірала і думала, ці вернецца на працу? Вярнулася. Таму і боль, які адчуваюць пацыенты палеатыўнага аддзялення, ведае, як кажуць, не па чутках. І дапамогу аказвае заўсёды хутка і прафесійна.
— Мы вельмі ўдзячны і Наталлі Рыгораўне, і ўсяму калектыву аддзялення, — са слязьмі на вачах гаворыць жонка аднаго з пацыентаў Нэла Варвашэня з Дзярэчына. — Тут мы ўжо другі раз. Калі трапілі ўпершыню напрыканцы 2016 года, муж дрэнна адчуваў сябе. А сёння ён нават усміхаецца. Да нас ставяцца вельмі шчыра, заўсёды акажуць патрэбную прафесійную дапамогу. Гэта сапраўдны востраў выратавання.
Працаваць у палеатыўным аддзяленні, па словах Наталлі Шугалей, няпроста. І не дзіва: сюды прывозяць хворых з Капыльскага і яшчэ 11 раёнаў Мінскай вобласці: Клецкага, Нясвіжскага, Слуцкага, Старадарожскага, Стаўбцоўскага, Салігорскага, Любанскага, Уздзенскага, Пухавіцкага, Дзяржынскага і Чэрвеньскага. І асаблівы гонар за выбраную амаль 30 гадоў таму прафесію адчуваеш тады, калі дапамагаеш чалавеку зменшыць боль. Працаваць не так складана, калі побач прафесіяналы: загадчык аддзялення Таццяна Марозава, урач-анколаг Капыльскай ЦРБ Лілія Асіповіч, урач-псіхолаг Алена Стасевіч, а таксама медыцынскія палатныя сёстры — Святлана Свяцельская, Таццяна Давідоўская, санітарка працэдурнага кабінета Аксана Тарбецкая. Духоўную падтрымку і персаналу, і пацыентам аказвае настаяцель храма Святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосца ў в. Лешня Павел Корзун.
А дома Наталлю Рыгораўну чакаюць муж Сяргей і… кот Тоша. Дачка Кацярына — ужо дарослая, сама працуе ў Капыльскай ЖКГ. Каб хоць крыху палепшыць эмацыянальны стан пасля працы, Наталля Шугалей наведвае фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Капылі. Гаворыць, што вада добра здымае напружанне.
— Перажыўшы многае, зараз я вельмі рада, што патрэбна людзям, — прызнаецца Наталля Шугалей. — Дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, — пачэсна і вельмі адказна.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии