Насіць пагоны начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Капыльскага РАУС маёр міліцыі Вольга Капцяева марыла з юнацтва.
Таму ў 1997 годзе паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, каб атрымаць прафесію юрыста. Але пасля заканчэння навучальнай установы мара адразу не ажыццявілася, давялося некаторы час працаваць юрысконсультам у адной з фермерскіх гаспадарак раёна. Вольга доўга ішла да прафесіі міліцыянера, спрабуючы сябе ў самых розных галінах, але заўсёды хацела прымераць на сябе форму. Каля пяці гадоў працавала на педагагічнай ніве (педагогам-арганізатарам, сацыяльным педагогам, метадыстам аддзела адукацыі), паралельна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Але ўсё ж жыццё распарадзілася так, што марам дзяўчыны наканавана было спраўдзіцца. У 2008 годзе Вольга Капцяева становіцца курсантам першапачатковай падрыхтоўкі аддзялення перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі вучэбна-страявога падраздзялення Вучэбнага цэнтра МУС Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага і пачалася кар’ера міліцыянера.
Спачатку было нязвыкла працаваць з няпростым кантынгентам, сярод якіх асобы, асуджаныя да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства, раней судзімыя, і тыя, якія вызваліліся з папраўчых устаноў. Але Вольга хутка асвоілася, і ўжо чацвёрты год паспяхова знаходзіць агульную мову з падапечнымі. Даволі часта, па прызнанні Вольгі Уладзіміраўны, гэтым людзям трэба проста пагаварыць, падзяліцца сваімі праблемамі, пачуць добрае слова, слушную параду. Штомесячнае правядзенне мерапрыемстваў рознай накіраванасці ў адносінах да такіх асоб дае пэўныя станоўчыя вынікі, што пацвярджаецца зніжэннем удзельнай вагі рэцыдыўных злачынстваў.
За добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў маёр міліцыі Вольга Капцяева адзначана граматай Міністэрства МУС Рэспублікі Беларусь, па выніках 2015 года стала лепшай па прафесіі ў сваёй галіне ў вобласці, а ў 2016 годзе інспекцыя, якую яна ўзначальвае, заняла трэцяе месца па выніках абласнога спаборніцтва.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии