— Што мне дапамагае быць лідарам? — задумваецца над пытаннем загадчык Цімкавіцкага ясляў-сада Таццяна Сташэўская. — Варыянтаў тут некалькі.
Па-першае, гэта добрае і ўважлівае стаўленне да дзіцяці, цеснае супрацоўніцтва з яго бацькамі. Мы ўлічваем бацькоўскія запыты, таму і імкнёмся адкрываць розныя формы дашкольнай адукацыі, такія як прагулачная і адаптацыйная пляцоўкі, «Матчына школа».
А дадатковыя адукацыйныя паслугі ў гэтым дзіцячым садзіку і на самой справе даволі разнастайныя: па харэаграфіі працуе «Музыкальная капель», для маленькіх інтэлектуалаў — «Абвгдейка» і «Ведай-ка», па вывучэнні фальклору — «Лявоніха». Адукацыйная прастора прадстаўлена спартыўнай і тэматычнымі пляцоўкамі: «Вясковы падворак», «Метэапляцоўка», «Лясная паляна», экалагічная сцяжынка.
Другі момант, які адзначае Таццяна Францаўна, гэта прафесіяналізм, высокі кваліфікацыйны ўзровень і майстэрства ўсіх дзесяці педагогаў. Яны прымаюць удзел не толькі ў раённых метадычных аб’яднаннях, але і ў майстар-класах, вебінарах і семінарах, што праходзяць на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
І трэці сакрэт кіраўніка — гэта традыцыі ўстановы, якія спрыяюць злучэнню ў адзінае цэлае трох складальнікаў адукацыйнага працэсу — дзіцяці, сям’і і педагогаў. Таму ў садзіку яскрава праходзяць агульныя бацькоўскія сходы з удзелам цікавых людзей, сумесныя святы і забавы з бацькамі, педагагічныя вячоркі.
Зараз калектыў працуе над рэалізацыяй інавацыйнага рэспубліканскага праекта «Укараненне мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнёвай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту». І гэта таксама вынік кіраўніка і калектыву.
І хоць на пасадзе загадчыка Таццяна Сташэўская з кастрычніка 2014 года, за гэты зусім непрацяглы час, па словах калег, яна праявіла сябе адказным і творчым кіраўніком. Змагла стварыць у калектыве даверлівую рабочую абстаноўку, даць творчым думкам, ініцыятыве і дзеянням педагогаў свабоду, дазволіла вольнае выказванне ідэй, накіраваных на стварэнне нечага новага. Як вынік правільнасці выбранага шляху — дыпломы ў шматлікіх конкурсах. Самы адметны — у абласным конкурсе «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі-2016», дзе Цімкавіцкі дзіцячы яслі-сад стаў лаўрэатам.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии