«Можна гаварыць пра поспехі толькі ў нейкіх асобных момантах, — упэўнены Аляксандр Макарчук, дырэктар ААТ «Піянер-Агра». — У цэлым жа хочацца большага. Рэзервы для росту ёсць заўсёды, асабліва ў сельскай гаспадарцы».
Пачуццё незадаволенасці, магчыма, і з’яўляецца тым рухальнікам, які дапамагае кіраўніку гаспадаркі шукаць новыя падыходы, тыя дробязі, з якіх і складаецца поспех. А яшчэ яму ўласціва здаровая сялянская ашчаднасць, кемлівасць і вялікая адказнасць за тых, хто побач. Практычна 30 гадоў узначальвае Аляксандр Макарчук сельгаспрадпрыемства, большую частку з якіх яно займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне.
Перагортваючы падшыўкі «Слава працы» мінулых гадоў, перачытваючы рэпартажы з фермаў і палёў, напісаныя пасля паездкі ў ААТ «Піянер-Агра», справаздачы са святочных мерапрыемстваў, дзе ўшаноўвалі перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, ловіш сябе на думцы, што пра гэту гаспадарку і яе кіраўніка карэспандэнты пішуць амаль заўсёды, ужываючы словы «першы ў раёне», «самы высокі ўраджай», «лепшыя надоі»…
Для ААТ «Піянер-Агра» ўраджайнаць збожжавых у 70 ц/га — гэта не навіна, надой ад каровы ў сярэднім па гаспадарцы 6327 кг — таксама пройдзены этап, не адзін год гаспадарка дабівалася высокіх рэзультатаў у вырошчванні цукровых буракоў, азімага рапсу. Вядома, год на год не прыходзіцца, і эканамічная сітуацыя ў краіне зменлівая, тым не менш ёсць упэўненасць, што гэта сельгаспрадпрыемства на чале з такім умелым кіраўніком заўсёды будзе дабівацца пастаўленай мэты.
Аляксандр Макарчук — член Капыльскага раённага выканаўчага камітэта, намеснік старшыні Капыльскага раённага Савета дэпутатаў, у 2015 годзе ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Адзінагалосна быў абраны дэлегатам Пятага Усебеларускага народнага сходу, дзе вызначаліся напрамкі развіцця нашай дзяржавы на будучае пяцігоддзе. А яшчэ — гэта любячы муж, клапатлівы бацька, вельмі цікавы суразмоўца…
Выпускнік Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута Аляксандр Макарчук у 1990 годзе вярнуўся ў родныя Ванелевічы, у калгас, якім некалі кіраваў яго дзед, і які праз сем гадоў узначаліў ён сам. У характарыстыцы на Макарчука ёсць словы: «Арганізуе вытворча-гаспадарчую дзейнасць на аснове выкарыстання сучаснай тэхнікі і перадавых тэхналогій, прагрэсіўных формаў кіравання і арганізацыі працы». І гэта сапраўды так, паколькі думкі Аляксандра Рыгоравіча заўсёды накіраваны на пошук новых падыходаў да справы. Кажуць, калі шмат працуеш і доўга вучышся – атрымліваецца вынік. Ёсць ён і ў сапраўднага кіраўніка сваёй эпохі – Аляксандра Рыгоравіча Макарчука.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Крысціны ЖОГАЛЬ
Комментарии