Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

27

Масленіца ідзе, бліны ды мёд нясе

23.02.2017
1335-1024x640 З 20 па 26 лютага беларусы святкуюць Масленіцу. Аб тым, як правільна правесці кожны дзень на тыдні, а таксама пра прыгатаванне смачных блінцоў, расказвае дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна ГУРЛО: — Так, у народзе гэтае свята вельмі любілі і казалі, што калі хто-небудзь адмовіцца яго святкаваць, то будзе жыць у горкай бядзе. Увесь тыдзень людзі спявалі народныя песні, вадзілі карагоды, каталіся на санках, гулялі ў снежкі. А самае галоўнае — гэта, канешне, пяклі бліны. У нашых продкаў існавала цэлая сістэма абрадаў, па якой яны святкавалі Масленіцу. Панядзелак — праводзіны зімы і сустрэча вясны. У гэты дзень збіралі салому і старое адзенне і ладзілі пудзіла Масленіцы, якое стаяла на працягу ўсяго свята. Аўторак — зайгрышы. З раніцы маладыя людзі запрашаліся катацца з гор і пачаставацца блінамі. Гаспадары казалі: «У нас горы снежныя гатовыя і бліны спечаныя — запрашаем!» Серада — ласункі. У гэты дзень зяць прыходзіў ласавацца цешчынымі блінамі. Напэўна, ад гэтага звычая пайшоў выраз: «да цешчы на бліны». Чацвер — разгул. Яго таксама называюць Шырокі чацвер ці Масляны чацвер. Напэўна,  самы цікавы дзень, бо пачыналіся Масленічныя гулянні, палілі кастры і спявалі песні. Пятніца — цешчыны вячоркі. У гэты дзень ўжо цешча ішла да зяця ў госці. А часцей, напэўна, каб жыццё мёдам не здавалася, цешча прыходзіла з сяброўкамі і сваякамі. Субота — залоўкіны вячоркі. Замужняя жанчына абавязкова заклікала да сябе залоўку, а калі тая была не замужам, то прыводзіла з сабою таксама вольных сябровак. Нядзеля — даравальная нядзеля. Гэты дзень быў прысвечаны дараванню ўсіх грахоў перад Вялікім пастом. Абавязкова хадзілі ў лазню і спальвалі рэшткі святочнай ежы, каб наступны дзень пачаць з чыстага ліста. Каб Масленіца прайшла смачна, прыгатуйце бліны па наступных рацэптах.   БЛІНЫ НА МАЛАЦЭ Спатрэбіцца: 2-3 яйкі, 1 чайная лыжка цукру, 2,5 стакана малака, 1,5 стакана мукі, 2 чайныя лыжкі алею. Гатуем. Узбіць яйкі з цукрам, паступова дабаўляючы малако. Патроху ўсыпаць муку. У амаль гатовае цеста падліць алей і соль і смажыць.   БЛІНЫ РАНІШНІЯ Спатрэбіцца: 4 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі малака, 1 сталовая лыжка цукру, 30 г дражджэй, 2 яйкі, 2 сталовыя лыжкі  алею, вада. Гатуем. Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дабавіць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай спарыць малако і адразу ж уліць у цеста, дабавіць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны. Выпякаць на добра разагрэтай і змазанай скаварадзе.   НАЛІСНІКІ Спатрэбіцца: 1,5 шклянкі пшанічнай мукі, 2 шклянкі малака або сыроваткі, 2 яйкі, 200 г тварагу, 2-3 сталовыя лыжкі сметанковага масла, 0,5 шклянкі смятаны або вяршкоў,  соль на смак. Гатуем. Муку развесці з палавінай малака, добра перамяшаць, каб не было камякоў, дабавіць соль, другую частку малака і ўзбітыя бялкі. На скаварадзе выпечы тонкія блінчыкі. Для начынкі расцерці тварог са смятанай або яечнымі жаўткамі. Начынку пакласці на блін і закруціць трубачкай. Прыгатаваныя наліснікі пакласці ў гліняны гаршчочак, зверху паліць смятанай або вяршкамі і паставіць у духоўку для запякання. Падаваць са смятанай або варэннем.   БЛІНЫ НА СЫРАКВАШЫ (КЕФІРЫ) Спатрэбіцца:  130 г мукі, 200 г сыроваткі (або кефіру),  2 яйкі, 2 чайныя лыжкі цукру, 0,5 чайнай лыжкі соды, соль на смак, алей. Гатуем. У сыроватку дабавіць яйкі, цукар, соль, усыпаць муку і перамяшаць, каб не было камякоў. Потым умяшаць соду і выпякаць бліны.   ГРЭЦКІЯ АРЭХІ Спатрэбіцца: 1,5 шклянкі грэцкай мукі, 1,5 шклянкі пшанічнай мукі, 2 шклянкі малака, 20 г дражджэй, 1 сталовая лыжка цукру, 1 сталовая лыжка сметанковага масла, 2 яйкі, соль на смак. Гатуем. Для рошчыны ўліць у міску дзве трэці падагрэтага да 40ºС малака, развесці дрожджы, усыпаць пшанічную муку, размяшаць да аднароднай кансістэнцыі, накрыць ручніком і паставіць у цёплае месца на 1-1,5 гадзіны. Калі цеста падыдзе, дабавіць соль, цукар, яечныя жаўткі, растопленае сметанковае масла, грэцкую муку, астатнюю частку падагрэтага малака і, размяшаўшы, даць цесту яшчэ крыху пастаяць у цяпле. Тым часам узбіць бялкі і акуратна ўвесці ў цеста, якое паднялося. Цяпер можна выпякаць грэцкія бліны. Запісала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей