Вучыліся кадравікі
Арганізацыйна-кадравы аддзел райвыканкама правёў семінар-вучобу з кадравай службай раёна, у якім прыняў удзел старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч.
Падчас семінара ўвага спецыялістаў сельгасарганізацый, некаторых прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна звернута на парадак разгляду кадравых пытанняў. Таксама былі разгле-джаны змяненні ў заканадаўстве аб занятасці і парадак персаніфікаванага ўліку ў арганізацыях.
У мэтах бяспекі
З пачатку года на тэрыторыі раёна спілавана 613 аварыйна небяспечных дрэў, у тым ліку за люты — ужо 399.

Паводле інфармацыі раённага Савета дэпутатаў, работы праводзяцца як у населеных пунктах, так і на прыдарожных палосах. Удзел у навядзенні парадку прымаюць работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, райаграсэрвісу, РБУ, ПМК-11, аўтапарка № 21, філіяла «Міналбпаліва», дарожных, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.
Чыя пярвічка лепшая?
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі на працягу студзеня-верасня гэтага года праводзіць агляд-конкурс на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю.
Удзел у ім прымаюць і пярвічкі Капыльскага раёна. З 16 лютага пачалося наведванне камісіямі арганізацый-удзельніц агляду.
Пры ацэнцы дзейнасці пярвічак улічваецца ахоп прафсаюзным членствам за апошнія тры гады, стан уліку, статыстычнай справаздачнасці, выкананне рашэнняў вышэйстаячых органаў, практыка сацыяльнага партнёрства, грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства і аховы працы. Таксама не застанецца без увагі правядзенне культурна-масавых, спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, інфармацыйная работа, наяўнасць сістэмы работы з моладдзю і ветэранамі. Будзе таксама ацэньвацца стан справаводства і фінансавай дысцыпліны, работа рэвізійнай камісіі і іншыя крытэрыі.
Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі раённага аб’яднання прафсаюзаў і прызамі за кошт сродкаў ФПБ.
Адходы – у даходы
Нарыхтоўкай і зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў у Капыльскім раёне ў 2017 годзе займаюцца ЖКГ і райспажыўтаварыства.

План збору і здачы на перапрацоўчыя прадпрыемствы складае 1881,6 тоны. Неабходна паставіць палімерныя адходы, а таксама адходы паперы, картона, шкла, бытавой тэхнікі, зношаныя шыны, адпрацаванае масла.
Заданні па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў даведзены да кожнай арганізацыі, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна.
Кубак – у капылян
Інтэлектуальная гульня «Кубак старога замка», якая адбылася 15 лютага ў тэатральнай зале Нясвіжскага палацава-замкавага комплексу, завяршылася ўпэўненай перамогай капылян.

Юныя эрудыты Алёна Несцерчык, Арцём Каленчыц, Настасся Тукай, Мікіта Карпіленя, Аляксандра Маляўка, Вера Васілеўская, Марыя Гузава, Святлана Лазоўская, Раман Еўдакімаў, якія навучаюцца ў сярэдняй школе № 2 г. Капыля, адстойвалі гонар нашага раёна. Выдатную падрыхтоўку да турніру падчас факультатыўных заняткаў, якія праходзяць у навучальнай установе ў шосты школьны дзень, забяспечыла настаўнік гісторыі Аксана Максіменя.
Упершыню за шэсць гадоў кубак пакінуў тэрыторыю Нясвіжскага раёна.
Майстар-клас
Настаўнік-метадыст ДУА «Грозаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» Ігар Вітальевіч Дубіна (справа) правёў майстар-клас для настаўнікаў працоўнага навучання (тэхнічная праца) з Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага раёнаў.

Мерапрыемства адбылося ў рамках работы абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій «Нёман». Тэма майстар-класа гучала так: «Падрыхтоўка навучэнцаў да прадметнай алімпіяды па вучэбных прадметах (тэхнічная праца), таму настаўнікі з цікавасцю наведалі вучэбную майстэрню, выставу работ навучэнцаў, фрагмент практычнай часткі факультатыўных заняткаў па чарчэнні ў 11 класе.
«Кірмаш вакансій»
Па ініцыятыве Капыльскага РАУС ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі праведзена чарговая прафілактычная акцыя «Кірмаш вакансій».
Як паведаміла начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Вольга Капцяева, падчас правядзення асноўнага этапа акцыі прысутнічалі асобы, якія маюць судзімасць, асу-джаны да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства, і іншых мер крымінальнай адказнасці, і знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі. Удзельнікам акцыі быў прадэманстраваны фільм прафілактычнай накіраванасці «Святло ў канцы тунэлю».
У рамках мерапрыемства асобам, якія маюць патрэбу ў працаўладкаванні, было выдадзена 9 прадпісанняў для пастаноўкі на ўлік у сектар занятасці ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні. За час акцыі працаўладкавана 5 асоб, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі.
Парушальніку не схавацца
Для больш аператыўнага кантролю за сітуацыяй на дарогах Капыльшчыны аддзяленнем дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Капыльскага раённага аддзела ўнутраных спраў набыты прыбор «Бінар», які прымяняецца для замеру хуткасці аўтатранспарту і відэафіксацыі парушэнняў Правіл дарожнага руху.
Як расказаў начальнік АДАІ Міхаіл Мельнічэнка, цяпер з’явілася магчымасць запісу дарожнай сітуацыі: агульным планам (для шырокага агляду дарогі і аналізу сітуацыі) і буйным планам (для атрымання выявы парушальніка з візуальна бачным нумарам на адлегласці не менш за 300 м).
Спаборнічалі рыбаловы-аматары
Спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы прайшлі ў мінулую суботу на возеры Руднікі. У іх прынялі ўдзел 13 каманд — прадстаўнікі структурных падраздзяленняў Капыльскага доследнага лясгаса і некаторых лясгасаў Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання — Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага, Чэрвеньскага, Клецкага.
Пераможцай сярод структурных падраздзяленняў і ўладальніцай спецыяльна распрацаванага пераходнага прыза ў выглядзе люстранога карпа на хвалі стала каманда Орлікаўскага лясніцтва. Сярод каманд лясгасаў перамогу святкавалі гаспадары.
У асабістым заліку вынікі падводзілі ў некалькіх намінацыях: самым хуткім бурыльшчыкам аказаўся машыніст харвестара з Капыльскага вопытнага лясгаса Аляксей Каховіч, Віктар Радкевіч з Капыльскага лясніцтва перамог адразу ў дзвюх намінацыях: «самая буйная рыба» і «самы ўдалы рыбак» (агульная вага ўлова склала 1 кг 90 г). Самую маленькую рыбку даўжынёй 4,5 см удалося злавіць лесніку Орлікаўскага лясніцтва Васілю Пашко. Пераможцы і прызёры атрымалі каштоўныя падарункі, на памяць аб спаборніцтвах у іх удзельнікаў таксама засталіся невялікія сувеніры.
Закончылася свята смачным абедам, дзе на сталах была ў тым ліку і юшка, звараная з вылаўленай рыбы.
Марыя ШЭІНА, Маргарыта САКОВІЧ, Дзіяна ТКАЧЭНКА, Сяргей КОЗЕЛ, Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии