«Больш так працаваць нельга» –
гэту выснову зрабіў старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня падчас нарады з кіраўнікамі, галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі раёна, якая адбылася ў першыя дні новага года.
Падстава для такой заявы больш чым грунтоўная, паколькі вынікі работы жывёлаводаў раёна за мінулы год не толькі не радуюць, але нават засмучаюць. 13 гаспадарак дапусцілі зніжэнне пагалоўя жывёлы, 12 сельгаспрадпрыемстваў па такім паказчыку, як валавы надой малака, не дасягнулі нават мінулагодняга рэзультата. Толькі ААТ “Скабін” па надоі ад адной каровы пераўзышло шасцітысячны рубеж, у пяці гаспадарках надаілі па пять тысяч і болей кілаграмаў малака, а такія сельгаспрадпрыемствы, як ААТ “Малінава” і “Суворава-Агра” маюць крыху больш за 3 тысячы кілаграмаў. Мала хто можа пахваліцца і добрымі прывагамі — тут замыкае турнірную табліцу РСУП “Бабоўня”, дзе атрымана крыху больш за 200 г прывагі. Асабліва трывожыць факт, што зніжаецца паказчык выхаду цялят на 100 кароў і цялушак. Усё вышэйпералічанае сведчыць пра тое, што недапрацоўвае зоаветэрынарная служба як непасрэдна ў гаспадарках, так і раённая.
Старшыня райвыканкама быў катэгарычным: “Вы не робіце таго, што патрабуюць зоаветэрынарныя мерапрыемствы. Не сакрэт, што ў многіх гаспадарках выкананне тэхналогіі ўтрымання статка адда-дзена на водкуп нават не загадчыкам фермаў, а падвозчыкам. Не ўсюды ёсць раздзяленне статкаў, няма кантролю за работай ветэрынараў і асемянатараў”. Анатоль Іосіфавіч акцэнтаваў увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на тым, што прыйшоў час думаць і дзейнічаць як гаспадары, а не чакаць, каб нейкія праблемы за іх рашалі райсельгасхарч ці старшыня райвыканкама.
Міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы паставіў перад сельгасвытворцамі ў бягучым годзе задачу па нарошчванні вытворчасці прадукцыі, павышэнні яе рэнтабельнасці і паляпшэнні якасці (каб мець магчымасць годна канкурыраваць на сусветным рынку), павелічэнні паставак на экспарт, уцягненні ў абарот земляў, якія не выкарыстоўваюцца, задзейнічанні пустуючых будынкаў, прадаўжэнні мадэрнізацыі фермаў, будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў, сховішчаў і збожжасушылак. А таму патрабаванне, выказанае старшынёй райвыканкама, было сугучным часу. “Мы павінны дабівацца, перш за ўсё, росту валавой вытворчасці і рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, — сказаў Анатоль Жданеня. — Будзе рэзультат, будзе і рост заработнай платы”.
Падчас нарады былі абмеркаваны таксама пытанні праходжання тэхагляду і рамонту тэхнікі, здачы металалому, захавання правіл электрабяспекі.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии