Маёй любай альма-матар у мінулым годзе споўнілася 115 гадоў. Вельмі хочацца зноў перагарнуць старонкі твайго летапісу, мая родная школа, і прыпомніць тваю гісторыю.
Пачыналася яна ў 1901 годзе ў мястэчку Капыль Слуцкага павета з аднакласнага вучылішча. Настаўнікам у ім і нават загадчыкам быў Аляксандр Сцяпанавіч Ляшчынскі. Праз год гэтае вучылішча стала двухкласным да 1905 года. Гэты год запомніўся першым выпускам пяці юнакоў, сярод якіх былі слынныя капыляне: Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) — першы старшыня ўрада Беларусі, Нічыпар Чарнушэвіч — беларускі пісьменнік.
[caption id="attachment_55331" align="aligncenter" width="580"]
Настаўнікі СШ № 1 г. Капыля на святочнай дэманстрацыі. 70-я гады ХХ ст.[/caption]
Тагачасныя ўлады мелі намер пабудаваць драўляны будынак для школы. Але пажар у Капылі ў 1905 годзе не даў гэта зрабіць. Напярэдадні Першай сусветнай вайны было распачата будаўніцтва цаглянага будынка, але і яно, на жаль, не было завершана. Толькі ў пачатку 20-х гадоў школа аднавіла сваю працу ў адбудаваным цагляным будынку, які захаваўся да нашых дзён. Школа стала сямігодкай.
Крочыў 1934 год. Ён стаў знамянальным для нашай сямігодкі: яна была рэарганізавана ў дзесяцігодку і стала называцца капыльскай беларускай школай. У гады Вялікай Айчыннай вайны заняткаў у цагляным будынку не было. Летапіс, на жаль, не тлумачыць чаму. Але нам няцяжка здагадацца. Гітлераўцы-акупанты прыстасавалі, відаць, цагляны будынак для сябе. Урокі праходзілі ў нейкім драўляным будынку, які акупанты пазней спалілі. У пасляваенны час заняткі праводзіліся ў памяшканні так званай яўрэйскай школы, у якой вучыліся і мы, дзеці, апаленыя вайной, аж да 1955 года. Дзякуючы дырэктару-франтавіку Галіноўскаму Пятру Ніканавічу, будаўніцтва новай школы паскорылася. Прымалі ўдзел усе: і вучні, і настаўнікі. І як распавядае летапіс СШ № 1, яна вярнулася на сваё гістарычнае месца, на вуліцу М. Горкага, у 1955 годзе. Я вучылася ў 8 «Б» класе на першым паверсе. Вокны класа выходзілі на вуліцу Горкага. У 9-м класе вучыліся на другім паверсе, адтуль мы бачылі прышкольны ўчастак і сад. Мы бясконца радаваліся новай, прасторнай і такой утульнай школе.
Тысячы выпускнікоў капыльскай беларускай, а з 60-х гадоў — СШ № 1 г. Капыля, сталі дастойнымі грамадзянамі роднай Бацькаўшчыны. Сярод іх Герой Савецкага Саюза Мікалай Рамашка, пісьменнікі Мікола Хведаровіч, Сцяпан Александровіч, Нічыпар Чарнушэвіч, паэты Аляксей Коршак, Алесь Гурло, а таксама шматлікі атрад навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў: М. Камароўскі, М. Малевіч, С. Берднік, А. Ганчар, У. Сапешка, Р. Малюковіч, В. Дубоўскі, В. Кісель. Асаблівы ўклад у медыцыну зрабілі А. Батура і С. Навасад.
Шмат мудрых кіраўнікоў стаяла на чале школьнага педкалектыву. Гэта Д. Кандыбовіч, А. Копаць, А. Бекарэвіч, Л. Біткін, А. Дземідовіч, П. Галіноўскі, В. Гарашчэня, М. Шабусаў, якія не дажылі да юбілейнай даты.
Не доўга працаваў дырэктарам СШ № 1 М. Каляда, які пакінуў пра сябе добры ўспамін як настаўнік-прафесіянал, адукаваны кіраўнік. 10 гадоў на пасадзе дырэктара працаваў А. Семяновіч. На працягу 15 гадоў кіраўніком школы была З. Прыміч: менавіта ў гэты час быў пабудаваны новы корпус СШ № 1. Статус гімназіі і паспяховую акрэдытацыю школа атрымала таксама дзякуючы яе ўдаламу кіраўніцтву.
З 2011 года дырэктарам гімназіі працуе І. Абас. Адным з галоўных напрамкаў выхаваўчай работы навучальнай установы з’яўляецца патрыятычнае. Пошукавая работа па увекавечанні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны была справядліва заўважана ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У 2015 годзе гімназіі прысвоена імя Героя Савецкага Саюза М.В. Рамашкі.
Крэда гімназіі «Ніхто не забыты, нішто не забыта» цяпер ажыццяўляецца з яшчэ большым натхненнем. Педагогі і вучні разумеюць, што прэстыж гімназіі — дыпломы розных ступеняў на алімпіядах, канферэнцыях, падзячныя пісьмы, прызы і г.д. Дарэчы, навучэнка 11 «А» класа Марына Нікалаеня (як пераможца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды) у другі раз была занесена ў банк даных адоранай моладзі фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І гэта ўжо трэцяе яе паспяховае выступленне. У спорце гімназісты таксама паказваюць нядрэнныя вынікі.
Настаўнік — гэта лёс, прызванне, сэнс жыцця. Хочацца ўзгадаць педагогаў-пенсіянераў, якія не адзін дзясятак гадоў шчыравалі ў школе, пакінулі пра сябе самыя цёплыя ўспаміны. Гэта таленавітыя гісторыкі А. Зянько, В. Гарашчэня, П. Галіноўскі, высокай пробы матэматыкі і фізікі В. Сапешка, К. Дубоўскі, І. Чарнушэвіч, А. Гарэлікаў, М. Гарэлікава, Р. Рабцава, А. Таяноўская, А. Шумінская, В. Палуян. У ліку непаўторных філолагаў-рамантыкаў М. Корнева, Н. Ратнер, В. Маркоўнік, Л. Сергіеня, А. Сапешка; мудрыя хімікі-біёлагі С. Шыманскі, В. Станавенка, Н. Старынка; няўрымслівыя адкрывальнікі зямных недраў, мораў і акіянаў — географы А. Лахманенка, Ц. Гутарава, В. Буцавіцкая. На жаль, многіх з іх ужо няма ў жывых, але памяць пра іх не згасне, бо яны падрыхтавалі надзейных паслядоўнікаў — Ю. Цвірка, К. Пахамовіч, А. Карнейчык, Б. Піліпчык. Крыху пазней з савецкіх педінстытутаў прыбыло маладое папаўненне: В. Кісялёва, А. Арлоўская, Я. Мардасевіч, К. Сідзельнікава, Е. Былюк, З. Сыс, С. Слімко, Р. Шахоўская, Т. Гірко, І. Асташова, Л. Паўловіч і іншыя. Самымі вясёлымі, з пачуццём гумару, у калектыве заставаліся В. Казлоўская і С. Контусь, якія былі надзейным шчытом і ў радасці, і ў горы.
Ацэнку працы педкалектыву ў 70-90-я гады ставілі за сучаснае кабінетнае абсталяванне, прафарыентацыю па паступленні ў сельскагаспадарчыя ВНУ і ваенныя вучылішчы, ваенна-патрыятычнае выхаванне, аб’ектыўнасць ведаў школьнікаў. І гэта ў першую чаргу тычылася мяне як арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы на працягу 17 гадоў. З дапамогай класных кіраўнікоў В. Уласавец і В. Буцавіцкай мы распачалі пошукавую работу па ўвекавечанні памяці героя-выпускніка Мікалая Рамашкі. У 1988 годзе адбылося адкрыццё яго музея.
У 80-я гады СШ № 1 заявіла пра сябе як пераможца алімпіяднага руху ў вобласці па нямецкай мове, тады ж і атрымала статус школы з паглыбленым вывучэннем гэтага прадмета, у тым ліку і ў першым класе. Звыш 20 выпускнікоў паспяхова паступілі ў інстытут замежных моў.
І ў юбілейным годзе гімназісты становяцца пераможцамі навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд. Гэта выхаванцы А. Роўбуць, М. Стульбы, А. Булы, Л. Галузы, А. Бурмы.
Ветэраны педагагічнай працы жадаюць гімназіі № 1 імя М.В. Рамашкі так трымаць і надалей, каб ніколі не пакідала пачуццё інтарэсу і любові да ведаў.
Анна АРЛОЎСКАЯ,
старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі гімназіі № 1 г. Капыля
Комментарии