Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

Результаты Года культуры

05.02.2017
Без названия Год культуры завяршыўся. Для Капыльшчыны ён быў багаты на розныя мерапрыемствы. Аб галоўных выніках расказваюць кіраўнікі ўстаноў культуры. шуракова-1 Валянціна Шуракова, дырэктар раённага краязнаўчага музея: — Самым важным вынікам Года культуры можна лічыць той факт, што наш горад стаў старэйшым: мы адзначылі 1010 гадоў з дня першага згадвання Капыля ў пісьмовых крыніцах (у статутнай грамаце аб стварэнні Тураўскай епіскапіі). Сімвалічна, што здарылася гэта напярэдадні 2017 года, калі Капыль адсвяткуе 365-годдзе з дня надання яму Магдэбургскага права. Новы ўзрост Капыля, у сваю чаргу, даў штуршок для развіцця некалькіх даўніх задумак. Так, новы выгляд набудзе Замкавая гара. Адбудзецца гэта пасля таго, як археолаг, кандыдат гістарычных навук Лявон Калядзінскі правядзе раскопкі. А наш паважаны зямляк, доктар архітэктуры, прафесар Сяргей Сергачоў, які нядаўна быў узнагароджаны прэміяй «За духоўнае адра-джэнне», ужо падрыхтаваў эскізы адноўленай Замкавай гары. Плануецца, што менавіта ў нас пройдзе археалагічны фэст. Для работнікаў музея Год культуры быў багатым і на іншыя цікавыя падзеі. Гэта, вядома ж, удзел нашай установы ў III Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» ў Магілёве, дзе экспазіцыя дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці пад агульнай назвай «Памятаем мінулае, цэнім цяперашняе, думаем пра будучыню» адзначана Дыпломам I ступені. Другая значная падзея, якая звязана з папярэдняй, — гэта прыезд міністра культуры Барыса Святлова ў Капыль. Важным для нас з’явілася і правядзенне V Міжнароднага пленэра ART-RAIN (Мастацкі дождж), падчас якога на працягу 10 дзён мастакі з Расіі і Беларусі жылі на тэрыторыі Капыльшчыны, а затым намалявалі ўбачанае на сваіх палотнах. Карціны былі прадстаўлены на заключнай выставе. Мы ўдзячны за ўзаемадзеянне Дзіцячай школай мастацтваў у правядзенні выстаў: у гэтым сувязь і выхаванне падрастаючага пакалення. Дарэчы, на выставах, якіх у нас праходзіць даволі шмат, мы можам прэзентаваць экспанаты са сваіх фондаў. Гэта сведчыць аб вельмі працаёмкай рабоце з жыхарамі горада і раёна па зборы цікавых рэчаў. Не магу не адзначыць і цеснае супрацоўніцтва з раённай газетай «Слава працы», дзе ў праекце «Страчаная спадчына» публікуюцца матэрыялы пра цікавыя гістарычныя месцы нашага раёна. Асабліва важна, што гэта знаходзіць водгук у чытачоў. Значыць, мы на правільным шляху. IMG_7845 Галіна Гурло, дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры: — На працягу года нашы майстры прымалі ўдзел у абласных святах-конкурсах народнай творчасці. Напрыклад, майстар разьбы па дрэве Іван Васілевіч удзельнічаў у ХV абласным свяце-конкурсе майстроў манументальнай драўлянай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». На выставачнай экспазіцыі элементаў нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь «Скарбніца Беларусі», якая адбылася ў Палацы Рэспублікі і прымеркавана да святкавання Дня незалежнасці, была прадстаўлена выстава закладных ручнікоў, а дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава правяла майстар-клас па іх  ткацтве. Дарэчы, «Школа ткачоў» раённага цэнтра ткацтва працуе плённа, і менавіта Таццяна Волкава перадае свае веды навучэнцам. Добра вядома, што ткацтва ўзорных тканін знаходзіцца ў нас на высокім узроўні. Пэўны вопыт мы набіраем у ткацтве і пляценні паясоў. Вельмі цікава прайшлі і персанальныя выставы майстроў народнага клуба «Скарбонка». Праведзены цыкл выстаў народнай творчасці з мэтай ушанавання майстроў з нагоды іх юбілеяў. Яскравымі сталі выставы народнай творчасці майстроў Капыльшчыны, якія былі прысвечаны знакавым датам раёна. Вельмі шмат цікавых вырабаў прадэманстравалі ўмельцы Капыльшчыны на выставах-продажах «Вытокі зямлі нашай» у час правядзення веснавых і восеньскіх кірмашоў. Акрамя раённых выстаў майстры і іх навучэнцы прымалі ўдзел у абласным свяце-конкурсе «Калыска талентаў» у г. Клецку. Таксама работнікі Цэнтра ў складзе экспедыцый па вывучэнні каляндарнай абраднасці ў вёсках Лютовічы, Садавічы, Бучаціна, Сухоўчыцы мелі магчымасць пазнаёміцца з носьбітамі фальклору, не толькі запісаць ад іх матэрыял, але і пакаштаваць мясцовыя  традыцыйныя стравы. Сумесна з доктарам мастацтвазнаўства Я.М. Сахутам была праведзена экспедыцыя па вывучэнні абрамлення хат налічнікамі ў Васільчыцах, Дзярэчыне, Блеўчыцах, Семежаве, Гулевічах, Ванелевічах, Лешні. Супрацоўнікі Цэнтра традыцыйнай культуры арганізоўвалі і праводзілі такія раённыя святы і абрады, як «Калядны абрад «Цары» ў Семежаве, каляднае валачэнне «Добры вечар, шчодры вечар» у Мажы, «Масленіцу», «Купалле» і «Дажынкі» ў Капылі і іншыя, прымалі ўдзел у правядзенні святаў вёсак. IMG_4296 Наталля Рыбак, дырэктар раённага Цэнтра культуры: — Пачаўся для нас Год культуры раённым этапам агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці «Новыя імёны Беларусі». Затым творчыя калектывы Капыльшчыны  прынялі  ўдзел  у аглядзе-конкурсе «Кірмашовыя дзеі спрадвеку весялосць неслі чалавеку». Але адной з галоўных падзей для калектыву ўсё ж стаў 60-гадовы юбілей, які адзначыла наша ўстанова. Шмат гледачоў сабраў КВЗ сярод каманд працоўнай моладзі, які праходзіў пад дэвізам «Жыць добра, а культурна жыць яшчэ лепш». Актыўны ўдзел мы прымалі ў падрыхтоўцы і правядзенні свята горада «Любімы горад» і ў святочным мерапрыемстве да Дня работнікаў культуры «Ура! Моладзь!». Не засталіся, вядома ж, убаку і падчас святкавання знакавай для нашага горада даты — 150-годдзя Спаса-Узнясенскага храма: супрацоўнікі РЦК падрыхтавалі канцэртную праграму. А ў канцы года адбыўся канцэрт калектываў самадзейнай творчасці «Народныя таленты табе, Беларусь». Акрамя таго, на працягу ўсіх 12-ці «культурных» месяцаў да нас прыязджалі вядомыя госці: Кацярына Галіцына, хор імя Цітовіча, «Песняры» і г.д. IMG_6432 Таццяна Серая, дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі: —  Год культуры рэкамендаваў нам больш увагі надаваць юбілейным датам. А для бібліятэкараў Капыльшчыны — гэта юбілей чалавека, паэта, імя якога носіць наша бібліятэка, 105-годдзе з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі. Акцыя «Мы ганарымся, што носім яго імя» актыўна прайшла па раёне, у яе рамках мы правялі шмат тэматычных мерапрыемстваў. Віртуальны музей Анатоля Астрэйкі працаваў на старонцы «У Кантакце» — «Чытаем разам вершы земляка». Удзельнікамі акцыі сталі таксама настаўнікі і выхаванцы Дзіцячай школы мастацтваў, чытачы сельскіх бібліятэк. Падчас святкавання Дня Перамогі нашы супрацоўнікі правялі шмат мерапрыемстваў. Напрыклад, «Лясная бібліятэка» ўключала цэлы комплекс: літаратурнае асарці ад герояў ваенных кніг, віктарыны, дзіцячыя гульні, звязаныя з веданнем кніг, фотаатэлье «Нашчадкі Перамогі» і інш. 3 ліпеня на святкаванні Дня Незалежнасці бібліятэка таксама ўдзельнічала ў масавых гуляннях з праграмай «Літаратурны лужок». Не засталіся мы ўбаку і пры святкаванні 1010-годдзя Капыля. Упершыню ў гэтым годзе мы прынялі ўдзел у раённым злёце маладых спецыялістаў з новым праектам — рэкламнай акцыяй «Адкрый для сябе кнігу». А да ўрачыстасцей, прысвечаных 150-годдзю Спаса-Узнясенскага храма, была арганізавана выстава-экспазіцыя «Сцежка да Храма хай стане дарогай». Скарбонка інавацыйных ідэй бібліятэкі папоўнілася рознымі мерапрыемствамі: па прапагандзе кнігі і бібліятэкі «Книжная бессонница»; квэст-гульнёй «Читатели-кладоискатели»; акцыямі «Дзень нараджэння з бібліятэкай» і «Адкрый для сябе кнігу»; «Культурная субота» для школьнікаў, якая ўключала слайд-прэзентацыю, краязнаўчыя web-падарожжа, слайд-галерэі, гісторыка-літаратурны хранограф і г.д. Упэўнена, што Год культуры апраўдаў ускладзеныя на яго надзеі, абудзіў новыя творчыя сілы. IMG_8569 Уладзімір Чаркас, дырэктар Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў: — Нашы выхаванцы прымалі ўдзел у розных конкурсах, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляюцца наступныя. У VI Міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва «КРАСАWЕЕК» навучэнка С.К. Швайбовіч Дар’я Парыбак была ўдастоена спецыяльнага прыза выдавецтва «Чатыры чвэрці». Зноў-такі дзякуючы майстэрству гэтага педагога Віталь Данілін атрымаў Дыплом I ступені ў абласным конкурсе сучаснага мастацтва «Новае пакаленне. Дзень сёння» для дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзякуючы прафесіяналізму Л.М. Канапляніка Настасся Карповіч атрымала Дыплом лаўрэата I ступені ў VI Міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «JAZZ TIME 2016», а ўзорны эстрадны аркестр — Дыплом III ступені. Дарэчы, дзяўчынка ўзнагароджана заахвочвальнай  прэміяй з уручэннем пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На XIII фестывалі народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй» узорны эстрадны аркестр атрымаў Дыплом III ступені і прыз — партатыўны камп’ютар. На XXV адкрытым абласным фестывалі-конкурсе юных музыкантаў «Сымон-музыка» ансамбль народных інструментаў пад кіраўніцтвам М.П. Сільвановіч стаў уладальнікам Дыплома III ступені. На свяце-конкурсе дзіцячай творчасці «Калыска талентаў» Дар’я Драко (настаўнік М.А. Мароз) заваявала Дыплом I ступені. Хор навучэнцаў школы, якім кіруе І.Б. Хартановіч, узнагаро-джаны Дыпломам за яркае выкананне твора беларускага аўтара на абласным конкурсе харавых калектываў дзіцячых школ мастацтваў. Акрамя таго, на працягу года праходзілі выставы навучэнцаў мастацкага аддзялення: тэматычныя, прысвечаныя святам і каляндарным датам, персанальныя, у якіх прымалі ўдзел і музыканты. Сумесна з раённым краязнаўчым музеем праведзены раённы конкурс юных мастакоў «Мастакі Капыльшчыны» на тэму «Горад, у якім я хачу жыць», прымеркаваны да Міжнароднага дня музеяў.

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей