2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі.
У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.
Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна.
У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі прахо-дзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона.
Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але прынёсшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету.
Асвячоныя ў гэты дзень свечкі называюць «грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.
Комментарии