Асноўным прынцыпам работы пярвічнай ветэранскай арганізацыі філіяла «Вялікая Раёўка» з’яўляецца сумесная дзейнасць з органамі выканаўчай улады, установамі культуры, мясцовым сельгаспрадпрыемствам.
Узначальвае пярвічку, у якую ўваходзіць 138 членаў, Ганна Іосіфаўна Лупанос.
[caption id="attachment_54979" align="aligncenter" width="580"]
Г.І. Лупанос (справа) падчас сустрэчы з удзельнікамі велапрабегу РАНС[/caption]
— У сваёй дзейнасці мы ў першую чаргу абапіраемся на Цімкавіцкі сельвыканкам і непасрэдна на яго старшыню Алену Острыкаву, — адзначае Ганна Іосіфаўна. — Дапамога з боку мясцовай улады заўсёды адчувальная. Мы ў сваю чаргу таксама выконваем усе просьбы. Трэба навесці парадак на могілках — члены нашай арганізацыі ў ліку першых выходзяць на суботнікі.
Так, агульнымі намаганнямі наведзены парадак ля помніка «Смуткуючая маці». Цяпер тэрыторыя невялікага парка ў цэнтры вёскі Вялікая Раёўка стала выглядаць зусім па-іншаму. Тут праводзяцца мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні. Напрыклад, у жніўні мінулага года на памятным месцы пабывалі ўдзельнікі велапрабегу, арганізаванага для супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях і іх сем’яў.
Увогуле цесная работа па патрыятычным выхаванні наладжана ў цеснай сувязі з мясцовай бібліятэкай-клубам (загадчыца Наталля Новік). Члены пярвічкі — пастаянныя ўдзельнікі сустрэч, круглых сталоў. Падчас сходаў грамадзян у населеных пунктах арганізоўваюцца канцэрты для насельніцтва. Летась самадзейныя артысты выступалі ў вёсках Куцаўшчына, Кукавічы, Наруці.
— Дайсці да кожнага пажылога чалавека вельмі няпроста. Але мы стараемся зрабіць гэта, — прадаўжае Ганна Іосіфаўна Лупанос. — Нашай арганізацыяй вядзецца пастаянная, карпатлівая, на першы погляд і непрыкметная, але такая патрэбная работа: віншаванне з днём нараджэння і наведванне ветэранаў. Бо ні адзін чалавек са старэйшага пакалення не павінен застацца сам-насам са сваімі праблемамі. Усё гэта патрабуе часу і сіл, а галоўнае, душэўнай цеплыні, якой шчодра, бескарысліва дзеляцца актывісты ветэранскага руху.
У вырашэнні праблем значную падтрымку аказваюць таксама старэйшыны населеных пунктаў, сацыяльныя работнікі. Ніколі без увагі не пакідае ветэранаў і адміністрацыя мясцовага сельгаспрадпрыемства на чале з Іванам Дамашэвічам: заўсёды выслухаюць, дапамогуць, калі паабяцаюць, то абавязкова стрымаюць сваё слова.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии