Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

42

Пакарыцель Арктыкi i Антарктыкi

10.01.2011
Шмат таленавітых людзей Капыльшчына падаравала нашай Радзіме. Пачэснае месца займае і цімкаўлянін Ісак Маркавіч Далгін, які ўнёс вялікі ўклад у вывучэнне Арктыкі і Антарктыкі. Нарадзіўся Ісак Маркавіч Далгін у мястэчку Цімкавічы 15 снежня 1910 года ў сям’і настаўніка. У яго была старэйшая сястрычка Малка, якая закончыла ў 1920 годзе вышэйшае пачатковае вучылішча. Разам з ёю вучыўся легендарны рэвалюцыянер Павел Жалезніковіч. Гісторыю студэнтам вучылішча выкладаў Мікалай Іларыёнавіч Раманоўскі, а законы фізікі і матэматыкі – Мікалай Міхайлавіч Карповіч. Менавіта гэтыя настаўнікі будуць вучыць Ісака, толькі ўжо ў сямігадовай школе. Хлопчык палюбіў фізіку, якая шмат у чым растлумачвала з’явы прыроды, а праз гісторыю ён даведаўся пра даследчыкаў, якія асвойвалі невядомыя землі. Цікавай яму была і літаратура, якую выкладаў бацька будучага героя Аляксандр Іванавіч Наржымскі. П’есы Гогаля, Астроўскага, Чарота, Каганца, Купалы Зінаіда Кірылаўна Грынёва ставіла на школьнай сцэне. Калі ў Ісака памёр бацька, то тут стала не да артыстычнай дзейнасці, даводзілася падрабляць у шматлікіх гандляроў: разгружаць і падносіць тавары ў ларкі і магазіны. Ён, можна сказаць, быў апорай сям’і, бо малодшы брат Моталь быў дашкольнікам. Ісак Маркавіч закончыў сямігодку на выдатна, дырэктар Шахлевіч пажадаў яму прадоўжыць вучобу ва ўніверсітэце, але не так проста сіраце было дабрацца да вяршынь навукі. Па рэкамендацыі школьнай камсамольскай арганізацыі ён працуе інструктарам райспажыўтаварыства, а ў 1930 годзе стане распаўсюджваць кінафікацыю на Капыльшчыне. Але цімкаўскага хлопца кліча да сябе Ленінград, дзе магла ажыццявіцца яго мара. Паступіў на рабфак пры Ленінградскім уні-версітэце, а пасля яго заканчэння стаў студэнтам фізічнага факультэта. Тут хлопец уцягнуўся ў вір даследчай работы, і дзякуючы гэтаму прыйшло ўменне аналізаваць розныя фізічныя з’явы, што падштурхоўвала хутчэй разабрацца ў загадкавых таямніцах прыроды. Пачынаецца вайна, і ён становіцца абаронцам Айчыны. Абараняе Маскву і не ведае, што яго маці і сястрычку фашысты знішчылі ў Цімкавіцкім гета, а брат паблі-зу ад сталіцы мужна змагаецца з ворагам. Вайну закончыць Ісак памочнікам начальніка аператыўнага аддзела штаба артылерыйскай дывізіі. Узнагароджаны за ратныя подзвігі ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны і многімі медалямі. Пасля арміі працуе ў Арктычным інстытуце, дзе становіцца навуковым сакратаром. У 1948 годзе ён узначальвае метэаралагічную экспедыцыю на лёдарэзе “Літкі”, а ў 1952-60 гады – лятаючую метэаралагічную абсерваторыю. Як успамінаў вядомы вучоны-палярнік Ігар Ільіч Цыгельніцкі, экспедыцыя насіла рамантычную назву “Разведка надвор’я: “Мой кіраўнік аддзела метэаралогіі Ісак Маркавіч Далгін прапанаваў мне прыняць удзел у лятаючай абсерваторыі, яе базай стаў самалёт “ІЛ-14”. Мы з борта самалёта забяспечвалі метэазводкамі бюро надвор’я, а таксама транспартныя і прамысловыя караблі. Папярэджвалі іх аб моцных ветрах і штормах. Самалёт быў абсталяваны спецапаратурай, якая таксама дазваляла даследаваць арктычныя франты атмасферы. Ляталі ў Арктыцы і ноччу, і днём”. Ужо летам Ісак Маркавіч узяў у склад лятаючай абсерваторыі дзвюх жанчын — Галіну Усманаўну Карымаву і Ларысу Аляксандраўну Гаўрылаву. Яны з абавязкамі метэаролагаў спраўляліся не горш за мужчын, ды і наш вучоны-зямляк падбадзёрваў іх. Дзякуючы такім няўрымслівым вучоным, як Далгін, Арктыка хутка асвойвалася. Яму даручаюць будаўніцтва новых станцый у цяжкіх арктычных умовах: ракетнай базы на востраве Хейса, а затым Врангеля, Дысана. На гэтых станцыях ажыццяўлялася тэмпературна-ветравое зандзіраванне з дапамогай ракет. Лёс закінуў Ісака Маркавіча  ў  1966–1967  гадах  у Антарктыду, якую даследчыкі называюць ледзяной пустыняй. Тут на станцыі “Мірны” наш цімкаўлянін вёў метэаралагічныя даследаванні. Сёння касмічныя спадарожнікі даюць інфармацыю, але яны не могуць яшчэ замяніць наземныя станцыі. Метэаролагі не толькі давалі прагнозы надвор’я для сіноптыкаў, але і на месцы ведалі, якія сюрпрызы чакаюць іх. Здаецца, дзень пачынаўся, як звычайна, а калі сталі запускаць зонды ў паветра, іх кідала ва ўсе бакі. “Эх, вечарам нам не паздаровіцца”, — сказаў Цыгельнікаў. І сапраўды, яго прадказанні збываліся, і надвор’е тут жа мянялася. Вывучэнне атмасферных працэсаў ішло насуперак усім перашкодам. Тут акрамя савецкіх даследчыкаў працавалі спецыялісты з розных краін свету. Такое ўзаемадзеянне было карысным. Антарктычнае лета радавала яркім сонцам. Вакол кіпела жыццё. Да людзей цягнуліся ланцужкі пінгвінаў. Грэліся ў сонечных промнях цюлені, быццам галубы, кружыліся буравеснікі. І Далгіну ўспомніўся загадкавы жывёльны свет Паўночнага ледавітага акіяна. І там бурліць жыццё. Каля самага полюса блукаюць па льдах белыя мядзведзі, на  льдзінах ён сустракаў палярных лісічак-пясцоў, дабіраецца да полюса  нерпа, а вось морж любіць шукаць ежу ў прыбярэжных водах. А якія шумныя, быццам “цімкавіцкія кірмашы”, птушыныя базары на Курыльскім востраве альбо на Новай зямлі і Шпіцбергене. У розных вандроўках ён адчуў прыгажосць нашай планеты і бурлівасць на ёй жыцця. Доктар геаграфічных навук прафесар Ленінградскага арктычнага інстытута АН СССР Ісак Маркавіч Далгін апублікаваў па метэаралогіі больш за сто навуковых прац, шэраг манаграфій, якія далі магчымасць сіноптыкам больш дакладна прагназаваць надвор’е, што, у сваю чаргу,  дае магчымасць зберагаць і папаўняць ураджаі сельгаскультур, а мараходам, авіятарам і спецыялістам многіх службаў зберагаць і папаўняць вытворчыя рэсурсы. Ён даў пуцёўку ў навуку многім вучоным, яго аўтарытэт і прызнанне вядомы вучоным свету. Нездарма Ісак Маркавіч адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Шмат сваіх манаграфій, а таксама ўнікальныя здымкі з лёдавых палюсоў свету наш вучоны-зямляк даслаў у Капыльскі краязнаўчы музей. Як добра, што такія людзі, як Далгін, торачы шляхі ў невядомае, давалі нам пазнаць свет. Ён ніколі не забываў сваю малую радзіму і радаваўся поспехам землякоў. І праз райгазету “Слава працы” жадаў шчасця і поспехаў у працы капылянам. Іван ІГНАТЧЫК

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей