Малады ветэран пажарнай службы — так называюць калегі Сяргея Лук’янава, які яшчэ літаральна месяц таму ўзначальваў пажарны аварыйна-выратавальны пост № 14 в. Бучаціна. Звыш 18 гадоў ён аддаў пачэснай справе — ратаваць жыццё.
[caption id="attachment_54763" align="aligncenter" width="560"]
Сяргей Лук'янаў[/caption]
Напярэдадні Новага года Сяргея Дзмітрыевіча праводзілі на заслужаны адпачынак. Цёплыя словы гучалі ў яго адрас ад тых, з кім ён плячо ў плячо змагаўся з вогненнай стыхіяй. І яны былі сапраўды шчырымі, бо выратавальнік іх заслугоўвае ў поўнай меры. У скарбонцы ўзнагарод Сяргея Лук’янава сваё месца займаюць медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені, значкі «Выдатнік» і «155 год пажарнай службе Беларусі», грамата Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, а таксама абласнога і раённага ўзроўняў.
Родам Сяргей Дзмітрыевіч з Віцебшчыны, вучыўся на тэхніка-тэхнолага ў Гомельскім політэхнічным тэхнікуме. І так сталася, што ўжо звыш дваццаці гадоў жыве на Капыльшчыне. Пачынаў тут працоўную дзейнасць у калгасе «Семежава». Потым перайшоў на ПАВП № 14 в. Бучаціна, дзе служыў камандзірам аддзялення, а з 2000 года — начальнікам паста. На працягу амаль усіх гэтых гадоў побач з ім былі такія ж вопытныя калегі — Анатоль Качур і Андрэй Уласовіч, з якімі неаднойчы даводзілася шукаць выйсце з няпростай сітуацыі, каб камусьці прыйсці на дапамогу.
Надзейнай падтрымкай з’яўляецца яго сям’я. Жонка Алена Мікалаеўна, якая працуе памочнікам выхавальніка ў Семежаўскім ВПК д/с-СШ, і мужу, і дзецям заўсёды знойдзе цёплае слова, супакоіць. Радуюць Лук’янавых і іх дзеці. Сын Яўген закончыў БНТУ, цяпер працуе механікам у аўтапарку ў Дзяржынску, дачка Алеся — трэцякурсніца Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, асвойвае прафесію праграміста. Усе члены сям’і вельмі любяць працаваць на зямлі, таму трымаюць вялікую гаспадарку.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии