Гэта незвычайнае дзейства ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сёлета споўнілася 20 гадоў, як упершыню РУП «Беларускі відэацэнтр» прапанаваў шырокаму колу гледачоў відэаролік пра «Калядных Цароў» з вёскі Семежава. Відовішчны абрад, які здаўна адбываецца ў ноч з 13 на 14 студзеня, быў адноўлены менавіта дзякуючы ўспамінам мясцовага насельніцтва, карпатлівай рабоце супрацоўнікаў аддзела культуры Капыльскага райвыканкама і беларускіх навукоўцаў. Па сённяшні дзень абрад прыцягвае ўвагу не толькі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, але і жыхароў з розных куткоў Беларусі, блізкага і нават далёкага замежжа.
[caption id="attachment_54765" align="aligncenter" width="560"]

Калядныя Цары з Семежава[/caption]
На Шчодры вечар, цяпер ужо ў аграгарадку Семежава, як толькі на яго спусціліся прыцемкі, перад вялікай аўдыторыяй местачкоўцаў, гасцей свята і маленькіх калядоўшчыкаў, апранутых у традыцыйныя касцюмы Казы, Цыганкі, Ката і Зайца, з’явіліся галоўныя героі вечара — «старэйшы» і «маладзейшы» калектывы «Цароў». Пасля слоў прывітання маладыя мужчыны і юнакі дружным строем пайшлі па вуліцах аграгарадка, каб павіншаваць гаспадароў сядзіб з цудоўным святам. Адной з характэрных акалічнасцей сёлетняга абраду можна назваць той факт, што многія ўдзельнікі ўпершыню прымералі на сябе касцюмы «Калядных Цароў». Тым не менш, кожны з іх са сваёй роляй спраўляўся даволі ўпэўнена.

Працэсія «Цароў» у суправаджэнні мясцовых персанажаў Дзеда і Бабы, заходзячы ў хаты на Шчадрэц, разыгрывае драму «Цар Максіміліян». Здаўна вядзецца, што калі маладыя хлопцы завітаюць у хату, тады ў ёй будзе дабрабыт, і ў бягучым годзе толькі добрыя весткі парадуюць яе насельнікаў. Таму пасля візіту доўгачаканага строю гаспадары не скупяцца на падарункі: свойскія каўбасы, паляндвіца, разнасолы — усё, чым багатая хата, ідзе ў торбу яшчэ аднаго персанажа Шчодрага вечара — Механошы.

Калі вуліцы ўжо трывала ахутаў змрок, удзельнікі абраду запалілі факелы, і пад гукі народнай песні «Посею лебеду на берегу…» накіраваліся да чарговай хаты, дзе іх чакалі гаспадары і шчодрыя пачастункі Каляднага вечара.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии