Упершыню Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь правялі ў Мінску маштабны форум: «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства».
Напрыканцы мінулага года ён сабраў больш за сто журналістаў з усёй рэспублікі, якія на працягу двух дзён знаёміліся з дзейнасцю і ініцыятывамі ФПБ, абменьваліся думкамі, дзяліліся вопытам у асвятленні прафсаюзнай тэматыкі, на практычных занятках сустрэліся з вядомымі журналістамі. Удзельнікі форуму таксама пабывалі ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў на прэм’еры незвычайнага прадстаўлення-вандроўкі «Сем таямніц Беларусі» і здзейснілі незабыўную экскурсію па вячэрняй сталіцы.
Падчас адкрытага дыялогу, які адбыўся ў штаб-кватэры Нацыянальнага прафцэнтра, журналісты некалькі гадзін абмяркоўвалі са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам і міністрам інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч актуальныя пытанні, фарматы партнёрства ФПБ і рэгіянальных СМІ.
[caption id="attachment_54720" align="aligncenter" width="560"]
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда[/caption]
Кіраўнік прафсаюзаў краіны выказаў упэўненасць у тым, што ў рэгіёнах з’явіцца больш інфармацыі пра чалавека працы, пра тое, што яго хвалюе, знойдуць сваё месца ў друкаваных выданнях і кансультацыі прававых інспектараў, меркаванні экспертаў, цікавыя замалёўкі з жыцця працоўных калектываў. На думку Міхаіла Орды, варта таксама актыўна задзейнічаць электронныя версіі друкаваных СМІ, інфармацыйны партал ФПБ у размяшчэнні матэрыялаў прафсаюзнай тэматыкі.
— Мы спадзяёмся, што дзякуючы нашаму ўзаемадзеянню ўся краіна зможа даведацца пра дзейнасць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і тыя магчымасці па абароне правоў і інтарэсаў працоўных, якія яна дае, — адзначыў Міхаіл Орда. — У нас больш за 20 тыс. прафсаюзных арганізацый, і ў кожнай пярвічкі ёсць напрацоўкі, якімі яна можа падзяліцца са СМІ. Таму ў вас заўсёды знойдуцца тэмы для цікавых і карысных публікацый. У выніку разам мы будзем працаваць над нашай агульнай задачай па абароне правоў і інтарэсаў людзей.
У сваю чаргу Лілія Ананіч адзначыла эфектыўнасць такой формы дыялогу — адкрытай пляцоўкі для зносін прэсы розных рэгіёнаў краіны і прадстаўнікоў самай масавай грамадскай арганізацыі.
— Каму, як не рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, лепш ведаць праблемы сваіх рэгіёнаў і самае галоўнае — усебакова паказваць, як сёння вырашаюцца пытанні сацыяльнай палітыкі ў дзяржаве. Вельмі важна, каб была цесная сувязь паміж СМІ, грамадствам і дзяржавай, — сказала Лілія Ананіч.
У час сустрэчы журналісты з рэгіянальных СМІ таксама цікавіліся перспектывамі работы нацыянальнага прафцэнтра ў наступным годзе, асаблівасцямі калектыўна-дагаворнага рэгулявання і іншымі напрамкамі дзейнасці прафсаюзаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии